Ад 19 лютага ўсе абвесткі ў цягніках эканом-класа гучаць па-беларуску.

Адпаведнае распараджэнне падпісаў 19 лютага намеснік начальніка Беларускай чыгункі Уладзімір Балахонаў.

Згодна з ім, памочнікі машыніста павінны абвяшчаць станцыі і дадатковую інфармацыю на беларускай мове. 

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказаў інжынер па бяспецы руху лакаматыўнага дэпо Маладзечна Павел Браніцкі.

– На беларускую мову перакладзеныя каля 20 інфармацыйных тэкстаў. Акрамя іх, па-беларуску будуць рабіцца некаторыя сезонныя абвесткі.

Так, ад 21 сакавіка, у цягніках рэгіянальных ліній гучыць абвестка аб тым, што расклад некаторых цягнікоў зменены з-за таго, што некаторыя краіны пераходзяць на летні час.

– Пасажыры электрычкі Маладзечна-Мінск прызвычаіліся ўжо да беларускай мовы, бо ў такіх электычках інфармацыя гучыць у запісаным выглядзе. А што датычыцца полацкага, лідскага, гудагайскага напрамкаў, то пасажыры, наколькі я ведаю, нават падыходзілі да машыністаў. Усе прынялі гэтую навіну станоўча, дзякавалі ім, – падсумаваў наш суразмоўца.