Пра бізнесмена Юрыя Авяр’янава паведамляе партал TUT.BY, спасылаючыся адразу на некалькі неназваных крыніц.

Авяр’янаў – асноўны гаспадар кампаній “Гандлёвы свет Кальцо” і “Ростэм”. У ЗАТ “Ростэм” і ўваходзіць “Аграфірма “Ілья”.

“Наша ніва” адзначае, што Авяр’янаў некалькі гадоў таму ўваходзіў у дзясятку самых багатых бізнесоўцаў Беларусі. Цяпер у рэйтынгу газеты “Ежедневник” знаходзіцца на 13-м месцы.

Ён гаспадар аўтарынку ў Малінаўцы, будаўнічага рынку ва Уруччы і рэчавага каля “Дынама”. Яму належыць некалькі клубаў, а таксама парк атракцыёнаў “Дрымлэнд”.

– У Юрыя Авяр’янава вялікія даўгі перад банкамі. Ён моцна трапіў на грошы на аквапарку. Мы з ім даўно не бачыліся, але, па маёй інфармацыі, ён цяпер у Германіі ці Італіі, – сказаў знаёмы бізнесмена парталу TUT.BY.

– Банк хацеў спагнаць даўгі. У суд запрасілі Авяр’янава. Але ён не прыйшоў, таму што ўжо даўно жыве ў Германіі, – дадаў топ-менеджар прыватнага банка.

Крыніцы ацэньваюць даўгі па крэдытах і плацяжах у бюджэт у межах $30-40 мільёнаў.

Па стане на 1 сакавіка “Ростэм” і “Гандлёвы свет Кальцо” значыліся ў спісах кампаній, якія дапусцілі запазычанасць па плацяжах у бюджэт Мінска і Мінскай вобласці.

Пасля таго як праваахоўныя органы зацікавіліся бізнесам Юрыя Авяр’янава, бізнесмен пакінуў краіну, кажуць суразмоўцы.

Як мільянер стаў гаспадаром “Аграфірмы “Ільі”

Ягор Марціновіч з “Нашай Нівы” пісаў пра гісторыю поспеху Авяр’янава ў 2012 годзе. У прыватнасці, журналіст распавёў, што “яму, як і астатнім мільянерам, дзяржава навязала стратныя калгасы.

Авяр’янаву дастаўся СВК на Вілейшчыне, куды давялося ўкласці каля $6 мільёнаў. З гэтай гісторыяй звязаная яшчэ адна крыўда на чыноўнікаў. На беразе Вілейскага вадасховішча ён прапанаваў пабудаваць першы ў краіне вялікі кемпінг, які б мог прымаць да 10 тысяч турыстаў штогод. Быў нават знойдзены інвестар, гатовы выдзеліць $30 мільёнаў. Але мясцовыя чыноўнікі абламалі гэтую ініцыятыву: маўляў, займайся сельскай гаспадаркай.

Аграфірмай “Ілья” стаў былы саўгас “Абадоўцы”.