24 сакавіка жыхарка Астраўца паведаміла ў службу “101”аб тым, што з акна інтэрната па вуліцы Школьнай ідзе дым. Па названым адрасе выехалі пажарныя падраздзяленні, брыгада “хуткай дапамогі”, спецыялісты РАУС і райгазу.

Загаранне адбылося на пятым паверсе ў жылым блоку памерам 5х6 метраў.

Высветлілася, што тут жывуць жанчына 1982 года нараджэння, яе муж і двое дзяцей. На момант узнікнення пажару муж знаходзіўся на працы, дзеці – у бабулі.

У моцна задымленым пакоі на падлозе каля канапы выратавальнікі знайшлі гаспадыню. Рэанімацыйныя мерапрыемствы не далі жаданага выніку, і доктар канстатаваў смерць.

За межы памяшкання пажару не далі магчымасці распаўсюдзіцца. Агнём пашкоджаныя бытавая тэхніка, мэбля, закураныя сцены і столь.

Прычына пажару высвятляецца.

 Асноўная версія – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. З дапамогай падаўжальніка да электрасеткі былі падключаныя абагравальнік, камп’ютар і іншыя электрапрыборы. Пажар пачаўся менавіта ў гэтай частцы пакоя.