На раённым конкурсе для дзяцей дашкольнага ўзросту ў намінацыі “Чароўная палітра” сёлета перамаглі Дар’я Грынкевіч з Чысцінскага ясляў-садка №1 і Міхась Сянько з Маладзечанскага ясляў-садка №14.

Конкурс ладзяць другі год. Акрамя “Чароўнай палітры”, у ім ёсць таксама песенная намінацыі і шашачны турнір.

– Ужо на ўзроўні дашкольнай адукацыі мы знаходзім тыя зорачкі, у якіх ёсць асаблівы талент. Каб далей, у школе, яго працягвалі развіваць, – тлумачыць метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Кізіцкая. – У “Чароўнай палітры” было каля васьмі ўдзельнікаў, і лепшымі абралі тыя работы, дзе найбольш творчасці, дзе бачная “рука” дзіцяці.

Работы Мішы Сянько:

Мішу заўважылі адразу

– Выйшла з дэкрэтнага адпачынку ў жніўні і адразу заўважыла здольнасці Мішы. Ён вельмі ўседлівы хлопчык, адказны, акуратны. На ўсіх занятках актыўны. Хо­дзіць на гурток па маляванні, вылучаецца сваімі талентамі, – кажа выхавальніца Ганна Каляда і глядзіць на пераможцу. – Так, Міша?

Міша да сваёй славы пакуль не прывык, з журналістамі спачатку стрыманы і не асабліва гаваркі.

– Які твой любімы колер?

– Светла-зялёны.

– Што найбольш любіш маляваць?

– Паўночнае ззянне, – трохі падумаўшы, адказвае ён.

– Я расказала яму пра гэта, – усміхаецца Ганна Віктараўна. – Мы малюем у розных тэхніках: і манкай, і пальчыкамі, і далонькай. Малюнкі атрымліваюцца вельмі цікавыя, незвычайныя.

Разам з выхавальніцай і кіраўніцай гуртка па маляванні ў яслях-садку №14 Мала­дзечна Ганнай Калядой

Разам з выхавальніцай і кіраўніцай гуртка па маляванні ў яслях-садку №14 Мала­дзечна Ганнай Калядой

Дыплом за перамогу ў “Чароўнай палітры” Міша пакуль яшчэ на рукі не атрымаў, у садку яго прыбераглі да бацькоўскага сходу, каб уручыць пры ўсіх.

– У садку люблю катаць з Ігарком машынкі, – расказвае пра любімыя заняткі Міша. – Мы з Ігарком і Лёшкам больш за ўсіх сябруем. А яшчэ люблю хадзіць на фізкультуру.

Заняткі па маляванні ў садку праходзяць два разы на тыдзень. І яшчэ дадаткова два разы на тыдзень – гурток.

– У гуртку мы звычайна асвойваем нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, каб дзецям было цікава. Усе конкурсныя работы Мішы выкананыя якраз у нетрадыцыйных тэхніках. Гэтым, мабыць, і спадабаліся журы. Вельмі цікавыя працы, зробленыя, напрыклад, з пены для галення. Змешваецца клей ПВХ і пена, можна рабіць аб’ёмныя работы.

– Дома малюеш? – пытаюся ў Мішы.

– Дома малюю алоўкамі, – расказвае хлопчык. – Спартыўны комплекс начарціў алоўкам і лінейкай. Яго нам Дзед Мароз на Новы год прынёс. Але больш люблю размалёўваць. Яшчэ люблю спортам займацца, з татам. У футбол гуляем цяпер. З малодшым брацікам, Сенем, больш за ўсё ў “Лега” любім гуляць. Нам яго мама падарыла на 23 лютага. Сам я тату на 23 лютага зрабіў паштоўку з танкам, а маме на 8 Сакавіка – васьмёрку.

– Летам як адпачываеш?

– Летам з брацікам у бабулі адпачываем. Калі ў бабулі Валі былі, то яна нам малявала на паперы, а мы размалёўвалі. Яшчэ са стрыечным братам Уладзікам летам на сасне зрабілі дом з галінак. Але ён зламаўся. Вецер, мабыць, паваліў. А калі на выхадныя ездзілі, мы з Уладзікам лук зрабілі. Я яго ў будцы знайшоў, адкуль сабака збег. У мяне шмат стрыечных братоў: Ілюха, Максім, Алег. Стрыечная сястра Дашка.

“Калі ў пакоі цішыня – значыць, збіраюць “Лега”

Мама Мішы Ірына Канстанцінаўна прыгадвае, што асаблівыя здольнасці ў сына заўважыла выхавальніца Ганна Віктараўна. Яна распавяла пра гэта бацькам і прапанавала запісацца ў гурток. Потым – паў­дзельнічаць у конкурсе.

– Мы пагадзіліся. Спадзяваліся, што пераможа, вельмі хацелі гэтага. Міша заўсёды любіў маляваць: і фарбамі, і фламастарамі, і алоўкамі. Выразае часам таксама. У канструктар любіць з брацікам пагуляць. Калі яны збіраюцца разам у пакоі і там цішыня – значыць, збіраюць “Лега”. Міша дома спакойны, адказны, калі просім штосьці зрабіць – робіць.

Ірына Канстанцінаўна кажа, што ісці ці не ісці ў мастацкую школу будзе вырашаць сам Міша. Калі не знікне цікавасць да малявання, калі ён захоча і далей маляваць, то ў яго будзе такая магчымасць.