Пасля таго, як учора, 24 сакавіка, на пуцеправодзе кіроўца пракалоў шыну, УП “Камунальнік” узяўся за рамонт пуцеправода.

З раніцы, як паведамлялі відавочцы, там была закрытая правая паласа ў бок прошчы Старое Места.

Але ўжо ў 13:00 на пуцеправодзе нікога не было, ямы засыпалі сумессю пяску.

Чаму пуцеправод рамантуюць па некалькі разоў на год, нам патлумачылі ў  ДРСУ-195. Па  пуцеправодзе ідуць тэмпературныя швы. Іх шырыня амаль метр.

Калі замярзае або растае дарога, швы “дыхаюць”, і на іх месцы крышыцца асфальт.

Чаму ж нельга адрамантаваць гэты мост так, каб на яго больш не было нараканняў?

 З такім крыкам душы ўсіх кіроўцаў Маладзечна мы звярнуліся да намесніка дырэктара УП “Камунальнік” Віктара Макарэвіча.

Ён патлумачыў, што пуцеправод адносіцца да катэгорыі мастоў, таму і рамантаваць яго могуць толькі спецыялісты, якіх у Маладзечне няма.

– Экспертызу мы рабілі, пуцеправод патрабуе капітальнага рамонту, на які, акрамя спецыялістаў, патрабуюцца вялікія грошы, якіх пакуль няма.

Апошні раз капітальны рамонт пуцеправода, па словах Віктара Макарэвіча, быў 8 гадоў таму.

Пакуль жа, працягвае Віктар Макарэвіч, ямы засыпаюць спецыяльнай сумессю, якая мае назву САМС. Гэта сумесь са шчэбню і смалы.

– Аднак нават такая, зусім нятанная сумесь, можа пратрымацца на дарозе тыдні 2-3. Але з красавіка запрацуюць асфальтавыя заводы, таму рамонт па пуцеправодзе будзе дароблены.