“Дэпрэсняк” і дэпрэсія – розныя паняцці. З першым можна жыць. Другое трэба лячыць. Не “пажадана”, а “трэба”, бо гэтае расстройства мае безліч масак і спачатку можа хавацца за болямі ў сэрцы ці страўніку, а потым перарастаць у рэальныя хваробы.

Па статыстыцы, да кабінета псіхатэрапеўта даходзяць не больш за 30% усіх хворых на псіхічныя расстройствы. “РГ” прыйшла на прыём да загадчыка Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера доктара-псіхіятра-нарколага Аляксандра Бажко і папрасіла патлумачыць, што за хваробы хаваюцца за псіхічнымі расстройствамі, калі трэба пачынаць іх баяцца і, галоўнае, як іх убачыць, пакуль не позна лячыць.

“Прыедзьце і забярыце. Яна дурная”

Псіхіятрыя – спецыфічная вобласць, у нашым грамадстве яна асабліва не афішыруецца, знаходзіцца за шырмай. Людзей з псіхічнымі адхіленнямі баяцца, на іх вешаюць таўро.

Мы мусім быць у пэўным сэнсе памежнікамі, выконваць адпаведныя абавязкі. З аднаго боку, ахоўваць грамадства ад верагодных праяў гвалту ці ўзбуджэння ў чалавека з псіхічным расстройствам, бо яго паводзіны могуць быць неадэкватнымі. З іншага боку, абараняць правы нашых пацыентаў. Каб іх не крыў­дзілі, не прыгняталі.

Згодна са статыстыкай, псіхічнае расстройства ёсць у 12-15% насельніцтва. У Маладзечанскім раёне, па дадзеных Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера, – у 11 492 чалавек. Гэта афіцыйная лічба, колькасць тых, хто ўжо звярнуўся па дапамогу.

Тэлефануе мне жанчына і кажа: “У мяне дурная суседка. Прыедзьце, забярыце”. Пытаюся: “У чым праблема?” Адказвае: “Яна ў вас на ўліку стаіць”. Я: “У нас такіх 11 492 чалавекі”. Яна: “Дык яна ж каля нас хо­дзіць, у двор выходзіць, можа цаглінай дзяцей ударыць”. “Даўно яна там жыве?” – “Ды ўжо гадоў дзесяць”. – “Яна за гэты час зрабіла штосьці вам, вашым дзецям?” – “Не, ну яна ж можа”. Ёсць такі метад гіпербалізацыі і давядзення да абсурду, часам даводзіцца казаць: “Добра, што вы па тэлефоне звоніце, а то, ведаеце, тэарэтычна і я магу штосьці камусьці зрабіць”.

Даводзіцца тлумачыць, што злачынствы, забойствы рэдка адбываюцца з прычыны псіхічнага расстройства. Інакш у нас не было б турмаў, былі б толькі псіхбальніцы. Гэта зашоранасць мыслення адлюстроўвае наш менталітэт.

Наша псіхіка – пэўны віртуальны прадукт. Сукупная дзейнасць вышэйшых псіхічных функцый: мыслення, увагі, успрымання, эмоцый, адчуванняў. Для іх ёсць выпрацаваныя нормы, пэўныя стандарты. Калі ёсць адхіленні ад нормы, гэта ў далейшым можа выліцца ў псіхічнае расстройства.

Фота sleepnet.ru.

Фота sleepnet.ru.

Калі дэпрэсія перастае быць бытавой

Ёсць некалькі паняццяў дэпрэсіі. Бытавая можа выглядаць так: па тэлебачанні ўвесь дзень нічога цікавага, з сябрамі не сустрэўся, жонка катлеты прыгатавала не так, настрою няма, карацей, я ў “дэпрэсняку”.

Калі мы гаворым пра дэпрэсію як пра псіхічнае расстройства, то гэта захворванне, якое мае свае крытэрыі. Важна, колькі часу працягваецца паніклы стан, гэта можа быць сігналам, што нешта не так. Калі тры дні ці ты­дзень, то гэта нармальна.

Каб паставіць дыягназ, патрэбны цэлы набор сімптомаў. Проста падаўлены настрой ні пра што не гаворыць. Калі няма настрою месяц, калі пры гэтым чалавек губляе апетыт, вагу, калі парушаецца сон, чалавек пакутуе ад бяссонніцы ці, наадварот, падоўгу спіць, калі перастае адчуваць сябе энергічным і ўсё валіцца з рук. Камбінацыя гэтых сімптомаў гаворыць, ёсць захворванне ці не. Устанавіць дыягназ можа толькі доктар-спецыяліст.

Мы мала ацэньваем свае эмоцыі, душэўны камфорт. Але пры дэпрэсіі могуць з’яўляцца саматычныя сімптомы. Можа калоць каля сэрца ці ныць у баку. Бывае, з’яўляюцца болі ў жываце, цяжкасць, праблемы са страваваннем. Дэпрэсія можа хавацца за кардыялагічнай паталогіяй, праблемамі са страўнікава-кішачным трактам, праяўляцца высыпаннем на скуры.

З такой “бачнай” праблемай чалавек ідзе да доктара, яго абследуюць, робяць аналізы і кажуць: “Ведаеце, мы нічога не знайшлі, у вас усё ў парадку”. Важна, каб дактары-спецыялісты, тэрапеўты, неўролагі і гэтак далей, былі дасведчанымі таксама ў вобласці псіхічнага расстройства і ў такіх выпадках накіроўвалі пацыента да псіхатэрапеўта ці псіхіятра.

Выявіўшы дэпрэсію, важна зразумець, што яе трэба лячыць. Калі пакінуць на самацёк, то, як правіла, яна ўскладняецца і можа павесці па лжывым следзе, прывесці, напрыклад, да парушэнняў сардэчна-сасу­дзістай сістэмы. Гэта замкнёнае кола. Мяняецца тэмп работы сэрца, мяняецца артэрыяльны ціск. Калі доўгі час назіраюцца гэтыя змяненні, фарміруецца артэрыяльная гіпертэнзія, ідуць другасныя змяненні. Калі б адразу выявілі дэпрэсію, гэтых наступстваў можна было б пазбегнуць.

У Маладзечне псіхатэрапеўты ёсць таксама ў паліклініцы №2 і ў паліклініцы №3.

Ці можна дапамагчы сабе самому пры дэпрэсіі

Праблема ў тым, што дэпрэсія – біяхімічнае захворванне ў нашым арганізме. Дапамога можа прыйсці толькі ад лекаў. Бывае, здараюцца цуды. Нешта балела, а тут раз – і прайшло. У арганізме кожнага чалавека ёсць саманаводніцкая сістэма, здольнасць да адаптацыі. Кожная падзея ў нашым жыцці – гэта стрэс. Вый­граў у латарэю – стрэс. Страціў блізкага – стрэс. Мы перажываем падзею, адаптуемся да яе і жывём далей. Калі арганізм аслаблены, працэс адаптацыі парушаны. У каго вялікі запас здароўя, ёсць падтрымка сяброў, няма праблем з харчаваннем, можа адбыцца і самавылечванне.

Праца нервовай сістэмы залежыць ад перадачы нервовага імпульсу. Дзве клеткі кантактуюць з дапамогай нейрамедыятараў. Іх можна ўявіць як бурбалкі, якія адна клетка выпускае, а іншая – прымае. І калі з адной клеткай штосьці не так, напрыклад, яна не можа выпусціць тыя дзесяць патрэбных бурбалак, альбо другая клетка па нейкіх прычынах не можа іх прыняць, альбо гэтыя бурбалкі зайшлі ў шчыліну, тады з’яўляюцца душэўныя перажыванні. Задача антыдэпрэсантаў – наладзіць перадачу нер­вовага імпульсу.

Акрамя жыхароў Маладзечна і Маладзечанскага раёна, у Маладзечанскі псіханеўралагічны дыспансер звяртаюцца жыхары суседніх раёнаў: Мя­дзельскага, Валожынскага, Вілейскага, Смаргонскага.

Фота vseostresse.ru.

Фота vseostresse.ru.

Прычыны дэпрэсіі

Лічыцца, што 5% ад усяго насельніцтва хварэюць на дэпрэсію, гэта шмат. Адны ўзнікаюць пасля пэўных жыццёвых сітуацый: страта блізкага, змяненне працы, змяненне статусу, напрыклад, выхад на пенсію. Крызісныя ўзросты кожная асоба праходзіць са змяненнямі. Калі ў чалавека назапашаныя фізічныя і духоўныя рэсурсы, ён можа паспяхова перайсці на новы жыццёвы этап. Калі не – застаецца ў пераходным стане. Гэта расстройства адаптацыі, чалавек не спраўляецца сам, дзякуючы псіхалагічным механізмам абароны.

Напрыклад, мяне звольнілі. Можна плакаць, абурацца, а можна стрымаць сябе, рацыяналізаваць сітуацыю, падумаць: “Гэта месца мне не вельмі падабалася, і ўвогуле, што ні робіцца, усё да лепшага. Знайду іншую працу”. Механізмаў абароны шмат. Калі яны не працуюць, ці не сфарміраваліся, ці не запусціліся, чалавек пачынае прыгнятаць сам сябе. Гэта можа перарасці ў неўроз ці дэпрэсію.

Бывае, у чалавека ёсць праца, сям’я, дзеці. Здаецца, усё ў парадку, але нешта шчоўкае і чалавек перастае адчуваць радасць, з’яўляецца адчуванне ўласнай непаўнацэннасці, парушаецца сон, сыходзіць вага і пай­шло паехала.

І той, і іншы сцэнар магчымы.

Амерыканскі псіхолаг Берэс Скінер вобразна ўяўляў нашу псіхіку як чорную скрыню. Мы маем штосьці на ўваходзе і штосьці на выхадзе. Што адбываецца ўнутры – не ведаем. Мы можам гэта мяняць, мы навучыліся гэта лячыць, маем вынікі. Але што, як і чаму там адбываецца, разумеем не да канца. Для гэтага ёсць навука. Яна гэтым займаецца.

Маладзечанскі псіханеўралагічны дыспансер супрацоўнічае з профільнымі кафедрамі і ўкараняе найноўшыя навуковыя распрацоўкі ў сваю практыку па аказанні псіхіятрычнай дапамогі.

Раней існавала меркаванне, што дэпрэсія да 2020 года можа выйсці на першы план па інвалідызацыі людзей, дзе заў­сёды пераважалі сардэчна-сасудзістыя захворванні. Дэпрэсія ідзе вельмі хуткімі крокамі і паражае насельніцтва самых розных краін. Прычым дэпрэсіўныя настроі развіваюцца як у гараджан, так і ў вяскоўцаў. Вяскоўцы, натуральна, менш звяртаюцца па дапамогу, паколькі гараджане больш інфармаваныя пра тое, што гэта можна і трэба лячыць. На вёсцы людзі больш занятыя фізічнай працай і менш думаюць пра сябе. Але перажыванні – яны ўнутры. Яны з імі працягваюць жыць, пакутаваць. І, на жаль, дэпрэсія – тая хвароба, якая можа прывесці да суіцыду.

Працяг будзе.

Даведка “РГ”. Аляксандр Бажко. Нарадзіўся ў Маладзечне. Скончыў маладзечанскую СШ №2 з залатым медалём.

Вучыўся на медыка-псіхалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (1997-2003 г.), скончыў з чырвоным дыпломам. У 2001 годзе прайшоў медыцынскую практыку ў Гданьскай медыцынскай акадэміі.

Атрымаў падрыхтоўку па гештальт-тэрапіі Маскоўскага гештальт інстытута. Прайшоў інтэрнатуру і спецыялізацыю на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, пасля заканчэння якой яму прысвоілі кваліфікацыю доктара-псіхіятра.

Ад жніўня 2004 года працаваў у Маладзечанскім псіханеўралагічным дыспансеры на пасадзе доктара-псіхіятра-нарколага. Па сумяшчальніцтве працаваў доктарам-псіхіятрам выязной псіхіятрычнай брыгады станцыі “хуткай дапамогі”, а таксама доктарам-псіхатэрапеўтам. Выкладаў у медыцынскім каледжы.

У 2013 годзе скончыў клінічную ардынатуру на кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па псіхіятрыі-наркалогіі.

Ад 2013 года загадвае псіханеўралагічным дыспансерам, галоўны пазаштатны доктар-псіхіятр-нарколаг Маладзечанскага раёна. У 2014 годзе яго прызналі лепшым доктарам-псіхіятрам Мінскай вобласці,  а таксама лепшым доктарам-псіхіятрам Беларусі.

Па выніках работы за 2015 год Маладзечанскі псіханеўралагічны дыспансер прызнаны лепшай установай аховы здароўя ў Маладзечанскім раёне.