Лёс Алены Ліха­дзіеўскай – гэта і выратаванне ад, здавалася б, невылечнай хваробы, і замужжа за ваенным, і жыццё ў ГДР, і балючы развод, і цяжкая праца, каб адной выгадаваць дачку.

Імкненне да творчасці не знішчылі жыццёвыя цяжкасці. Яна вывучыла беларускую мову, каб пашырыць паэтычныя магчымасці, і сёння мае шэсць кніг. Сярод яе вершаў ёсць публіцыстычныя, лірычныя, гумарыстычныя творы, а таксама вершаваныя казкі і творы празаічнага характару.

Алена Ліхадзіеўская распавядае пра сябе для чытачоў “РГ”.

Страшная хвароба дзяцінства

Я нарадзілася на Чэрвеньшчыне. І так хварэла, што акрамя хваробы і няма чаго ўспомніць пра дзяцінства. Бацькам сказалі, што не трэба больш вазіць па бальніцах, не трэба нада мной біцца і старацца, таму што ўсё роўна паміраю ад раку. Мне было 10 год.

Бацькі на ўсё плюнулі, і хаця былі партбілеты ў кішэні, аднойчы вечарам прывезлі лекарку, што практыкавала народную медыцыну. Пасля некалькіх яе прыездаў хвароба нібы знікла.

Загадвала пчоламі на Віцебшчыне

У Смілавіцкім тэхнікуме закончыла аддзяленне пчалярства. Пасля па размеркаванні накіравалі працаваць у Лёзна, і стала я старшым раённым заатэхнікам па пчалярстве. А ў раёне былі толькі два пчальнікі.

У мяне было мала сваёй работы, таму штодзень прасілі зайсці ў які-небудзь аддзел, каб у нечым памагчы. І ў выніку я настолькі была ў курсе ўсіх спраў, і з усімі мне было так лёгка! Праз пяць год забралі ў райкам камсамола інструктарам па абмене камсамольскіх білетаў. Да таго ж быў вельмі прыгожы почырк.

Я ўжо была замужам. Мужа перавялі ў Краснае пад Маладзечна. Атрымаў кватэру. Ён захацеў застацца ў арміі, і мне давялося пераехаць у Краснае.

Разам з гуртом Фіеста.

Разам з гуртом Фіеста.

Жонка ваеннага

Калі мы вучыліся разам у тэхнікуме, я ніколі не думала, што муж стане ваенным. За час працы ў Лёзне я паступіла ў Маскву на завочнае ў сельгасінстытут. Мяне прасілі не з’язджаць. Але муж не захацеў, а жонка павінна ісці за мужам. Ну што ўспомніць пра яго працу? Вучэнні, дзяжурствы. На ўсе святы збіраліся разам, ваенныя хацелі, каб іх жонкі выглядалі як мага лепш.

Пасля мужа накіравалі служыць у ГДР, дзе жылі ад 1979 да 1984 года. Там нарадзіла дачку, там прайшлі першыя гады маленькай Алены.

Нешта падобнае да дзіцячай хваробы ў мяне пачалося ў Германіі, пасля нараджэння дачкі. Група ваендактароў лячыла мяне некалькі месяцаў. Не дапамагло. Сабраліся ўсе разам і гавораць, каб зноў звярнулася да народнай медыцыны. Пасля ўсё прайшло. Дактары параілі не мяняць клімат – ці жыць у ГДР, ці вярнуцца ў Саюз.

Чаго баяліся ў ГДР

У Германіі часта былі канцэрты, на якія хадзілі ваенныя з жонкамі. З немцамі было мала сустрэч, хіба толькі з ваеннымі і на такіх мерапрыемствах. Дачку я не хацела ні з кім пакідаць, таму рэдка наведвала мерапрыемствы, толькі на вялікія святы. Ад нашага ваеннага гарадка праз 1,5 кіламетра быў горад Ордруф, раённы цэнтр. Усе там размаўлялі па-руску. Хаця я добра гаварыла па-нямецку, нідзе, ні ў крамах, ні ў іншых месцах, не было такой патрэбы. Нашых там было поўна. Адзінае, што нас прасілі – на дзень нараджэння Леніна і 9 мая не хадзіць у горад.

Здаралася, што немцы помсцілі за мінулае.

Дачка Алена атрымала тытул Міс Маладзечна.

Дачка Алена атрымала тытул Міс Маладзечна.

Чаму сумуе па Савецкім Саюзе

Развал я перажыла вельмі балюча. Глядзела тэлевізар, калі Гарбачоў сказаў, што партыі больш не будзе. Гэта быў проста крах. Мы прывыклі да значка, да гальштука. Усё было арганізавана, цікава, дружна. Балюча і ад таго, што на месцы ўсяго гэтага нічога не з’явілася новага.

Мне падабалася, што заўсёды ў школьныя гады займаліся добрымі справамі. Мы ведалі, што заўтра пойдзем дапамагаць дзядулю калоць дровы, а бабулі насіць ваду. І адзін за аднаго адказвалі. Ніколі не забуду адзін выпадак. Мы былі піянерамі, ішлі ў школу. Маё паліто было шырокае і халоднае, а мароз страшны.

Я так замерзла, што ўжо не магла ісці. І кажу, што сяду адпачну на камяні, далей не пай­ду. А дзяўчынка крычыць: “Я ведаю, што ты замерзнеш, я ж піянерка, не магу пакінуць!” Яна мяне цягнула і зацягнула дамоў.

Школы ў вёсцы не было, наймалі ў вясковым доме адзін кабінет для класа. Вучыліся ў адным пакоі дзеці чатырох класаў. Памятаю, як аднойчы настаўніца ўключыла радыё, а па ім перадавалі, што Гагарын паляцеў у космас.

Алена Ліхадзіеўская разам з дачкой Аленай.

Алена Ліхадзіеўская разам з дачкой Аленай.

Развод, праца, творчасць

У пачатку 1990-х я звольнілася з БТІ у Маладзечне. Іду па Мала­дзечне за працоўнай кніжкай. Сустракаю начальніцу, яна пытаецца, ці ўчора я звольнілася. І кажа – не пакідай кватэру, бо застанешся без жылля, кватэр дзяржаўных ужо няма і ніколі не будзе. Трэба будзе ці купіць, ці будаваць. Для нас гэта было так незразумела, раней жа кватэры давалі. Я забрала працоўную, праплакала ўсю ноч. Застацца з дзіцем без кватэры было нельга, сама б я не пабудавала і не купіла б. Кватэра так і засталася напалову з мужам – адзін пакой яго, адзін мой.

Пакуль я вучыла дачушку, працавала на трох працах. Калі было пісаць? Вяла днём урокі, пасля прадлёнку, а яшчэ вячэрнюю школу. З’язджала ў 7:30, а вярталася ў 20:30.

Лене было амаль 12, калі мы развяліся. Цяпер 35. Я вельмі рада, што змагла пражыць так, каб дачка атрымала адукацыю. Яна вельмі любіла жывёл і з 3-4 год заўсёды прыходзіла дамоў з кішэнямі, у якіх былі жабкі ці вужыкі. І ніколі нельга было прыбіць муху ці камара – яна заплакаць магла. Захацела ветэрынарам стаць. І стала.

Цяпер яна замужам, вывучылася, працуе ў Маскве. Вядома, мне хацелася б, каб дачка была бліжэй. Але я бачу, як яна любіць тыя вуліцы, і шчаслівая за яе.

Як вывучыла беларускую мову

Вучылася заўсёды па-руску, у Германіі 5 год жыла. Калі ў Брэст прыехала – убачыла надпіс “Цырульня” і думаю, куды мы прыехалі. Я такіх слоў не памятаю.

Калі пачала друкавацца, у раённую газету запрасілі і сказалі, што ў мяне дар. І прапанавалі навучыць пісаць па-беларуску. Запрасілі вучыцца ва ўніверсітэт. Узялі без экзаменаў, вось у пачатку 90-х і пачала вучыць беларускую мову і літаратуру ў БДУ. Адправілі працаваць у школу ў Алёхнавічах. Гэта была адзіная школа ў раёне, дзе ўсе прадметы выкладалі на беларускай мове. Як мне было цяжка рыхтавацца да ўрокаў! Далі па адным класе 5, 6, 7 і 8. Бывала, ідзеш па калідоры, размаўляеш, а дзеці ззаду кпяць: “А вы рускае слоўца сказалі!”

Дачка Алена.

Дачка Алена.

Пра што просяць чытачы

Заўсёды каля ложка ляжыць папера і аловак. Часам святло не ўключаю, запісваю радкі ў цемры. Лёгка складаю вершы на любую тэму.

Прасілі для конкурсаў песні пісаць, у мяне многа напісана, шмат тэкстаў для песень. Пішу і па-беларуску, і па-руску. Першыя песні на мае вершы спявала трыа “Фіеста” – “Бярозавы гай”, “Мой ты міленькі”, “Ружа-кветка”, “Дыс­катэка” і іншыя. Мае песні пелі і ў Японіі, і ў Кітаі, і ў Канадзе.

За вершы дзякуюць, адным блізкія пра каханне, іншым па настроі сумныя творы. Некаторыя просяць скласці віншаванне.

“Зоркай спавітая” – гэта зборнік з тых вершаў, якія былі надрукаваныя. Я захацела іх сабраць у кнігу.

Адна знаёмая казала, што з мужам, калі прачыталі, як я хварэла, то цэлы вечар праплакалі.

Бывае, у электрычцы падыходзяць і просяць падпісаць кніжку. Мужчыны часам просяць: “Падпішыце так, каб жонка раўнавала”.

Даведка “РГ”. Алена Ліхадзіеўская – беларуская пісьменніца і паэтка. Нарадзілася на Чэрвеньшчыне. Жыве ў мястэчку Краснае Маладзечанскага раёна. Аўтар паэтычных зборнікаў “Зоркай спавітая”, “Казкі”, “Мне так патрэбна шчасце для цябе”, “Вераб’іная вясна”, празаічная кніга “Бусліная песня”.

Вершы Алены Ліхадзіеўскай

Яе зборнік вершаў “Зоркай спавітая” выйшаў у друк у 2014 годзе накладам 200 асобнікаў. У зборніку сабраныя раней друкаваныя вершы, на розную тэму: кахання, радзімы, прыроды, вышэйшай сілы. Ёсць гумарыстычныя вершы, а таксама пераклады аўтараў з іншых моў.

Алена Ліхадзіеўская

Алена Ліхадзіеўская

Усё здарылася неяк нечакана:
Чаму наўкол адны магілкі, мама?
Ці так знарок распарадзіўся лёс:
Магіл няма вам, акрамя нябёс?

Ці так знарок распарадзіўся лёс,
Каб я нікога з вас не пахавала?
Не паспрачацца з мудрасцю нябёс –
Я вас у кімсьці дзесьці сустракала.

***
Я пайшла па свеце з кійком,
За плячо закінуўшы торбу,
На мяне глядзелі маўчком:
Не нацерла б спіначка горбу.

Я ступала адной нагой
На зямельку, славай багатую,
Ў бездань я трапляла другой
І падэшвы ў лапцях латала.

Я трымала адной рукой
Свой кіёк з беларускай бярозы,
У нябёсах рукой другой
Выцірала сусвету слёзы.

Я глядзела вачамі ў свет –
Нездарма яны Богам дадзены:
Супакою нам між планет
І не зведаць ніколі здрадзіны.

Алена Ліхадзіеўская падчас сустрэчы ў Красненскай школе.

Алена Ліхадзіеўская падчас сустрэчы ў Красненскай школе.

***
Жонка мужу кажа:
– Ў краму я хадзіла,
Грошай мала дужа,
Крыху я схітрыла.
Да цябе на працу
Ў фірму я зайшла,
У цябе з кішэні
Грошыкі ўзяла.
Ты не быў на месцы,
Таму не спытала,
Ты прабач, каханы,
Што ўсё забрала.
– Малайчына, любка,
я дык проста рады:
месяц таму звольніўся
я з тае брыгады…

***
Калі з небам размаўляла,
Суладзіла з зямлёю,
Калі, як птушка, акрыяла,
Адкінуўшы ліхое, –
Адчула я прастор нябёс,
Бязмежжа шэрань…

Як цёмна часам сярод зор.
Як светла ў цемры.