Апошнім часам ён пакутаваў на анкалагічнае захворванне. Сёння трапіў у рэанімацыю…

Чытайце: Лявон Цімохін пра Ніла Гілевіча

Ён быў чалавекам, чыя роля была асноўная ў наданні беларускай мове статуса дзяржаўнай (1989) і наданні нацыянальнай сімволіцы статуса дзяржаўнай (1991).

Ён быў адначасова паэт, навуковец і выкладчык – выбітная і ўладарная постаць беларускай літаратуры.

У літаратуры Ніл Гілевіч правёў 70 гадоў – першыя яго вершы з’явіліся ў друку ў 1946-м.

Многія моманты біяграфіі аўтара першага беларускага рамана ў вершах самі сабой вартыя рамана – ад змены “савецкага” імя Нінел (“Ленін” наадварот) на гучнае і кароткае Ніл да складання культавага “Сказа пра Лысую гару” і дваццацігадовага маўчання пра яго.

Ад аўтарства хіта “Вы шуміце, бярозы” да сённяшніх смелых публіцыстычных вершаў. Ад дзяржаўных узнагародаў да негалоснай забароны…

“У Вярхоўным Савеце Ніл Сымонавіч узначальваў Камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, – узгадвае Лявон Баршчэўскі, сябра Апазіцыі БНФ у ВС XII склікання. – Яго паважала партыйная наменклатура, і гэта давала магчымасць рухаць беларусізацыю. Гэта яго заслуга ў тым, што ўдалося ў пачатку 90-х хутка перавесці першыя класы на беларускую мову”.

Любоў да роднага краю – вызначальная характарыстыка паэзіі Гілевіча – ці лірыка гэта, ці публіцыстыка.

“Гэта простая, спеўная паэзія, агульназразумелая, якую не трэба расшыфроўваць, – кажа Вераніка Кушнярэвіч, загадчыца кафедрай беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ. – Ключавыя радкі Гілевіча – хрэстаматыйныя:

Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы – дзеці роднае сям ‘і,
I – дзеці Маці-Беларусі,
I – дзеці Матухны-Зямлі.

І ўжо народныя:

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,
Калышыце, люляйце свой напеў векавы,
А я лягу-прылягу край гасцінца старога
На духмяным пракосе недаспелай травы.

“Да Ніла Гілевіча ніхто не звяртаўся да рамана ў вершах, – кажа паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль. – У 1940-я быў раман Змітрака Астапенкі, аднак гэта, хутчэй, паэма. “Родныя дзеці” – унікальны раман для беларускай літаратуры, не ведаю, ці будуць калі-небудзь яшчэ падобныя творы”.

Унікальнае валоданне словам, эрудыцыя, тонкае адчуванне стылю дазваляе Гілевічу ствараць такія разнапланавыя рэчы: ад вершаванага рамана да народных песняў і магутнай, знішчальнай публіцыстыкі. Як не згадаць класічнае:

Быў час, быў век, была эпоха,
Калі, наеўшыся ў адвал,
Сёй-той прыкінуў, што “панчоха” –
Зусім не кепскі ідэал.
…Калі ў кампаніі парою
Не зразумець было, хоць плач –
Хто лезе чокацца з табою:
Ці лепшы сябар, ці стукач.

“Галоўная заслуга Гілевіча ў тым, што ён ёсць, ён піша, і мы можам спяваць ягоныя песні”, – казаў “Нашай Ніве” 5 гадоў таму саліст “Сяброў” Анатоль Ярмоленка, выканаўца суперхіта 1980-х “Вы шуміце, бярозы” на словы Ніла Сымонавіча. 

Галоўнымі радкамі Гілевіча Анатоль Ярмоленка лічыць “І усё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі”:

… Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..

Вершы позніх гадоў былі ў паэта гаркава-іранічныя. 

Так, адгукнуўся патрыярх беларускай паэзіі і на маўклівыя акцыі пратэсту, дакладна схапіўшы іх настрой:

I.

Во хітруга!
Не б’е ў барабан.
Не пяе,
Не крычыць.
А стаіць і маўчыць. Як нямы!
Вось у нас і напруга.
Каб ён проста маўчаў –
Дык жа не!
Ён пра нешта маўчыць!
А пра што?
А пра што ён маўчыць?
Прызнавайся, хітруга!

II.

О народ беларускі!
Ты так красамоўна маўчыш,
Што маўчанне тваё
Ім страшней
За бунтоўныя крыкі.
Не, не доўга ўжо несці табе
Свой пакутніцкі крыж.
Ты – не раб.
Ты – вялікі.
Ва ўсім.
І ў маўчанні вялікі.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956).

Кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1958–1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты “Звязда”. Ад 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ.

У 1980–1989 – першы сакратар праўлення Саюзу Пісьменнікаў БССР.

Ад 1989 – старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газеты-бюлетэня ТБМ “Наша слова”. З чэрвеня 1990 – старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985–1996). Сябра Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету БССР.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1946 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі “Песня ў дарогу” (1957), “Прадвесне ідзе па зямлі” (1959), “Неспакой” (1961), “Бальшак” (1965), “Перазовы” (1967), “Лісце трыпутніку” (1968), “А дзе ж тая крынічанька” (1972), “Запаветнае” (1975), “Актавы” (1976), “Святлынь” (1984), раман у вершах “Родныя дзеці” (1985), “Як дрэва карэньнем” (1986), “Повязь” (1987), “Жыта, сосны й валуны” (1990), “Талісман” (1994), “На высокім алтары” (1994), “Вечны матыў” (1994), “…І плямы на табе няма” (2003), “На флейце самоты” (2004).

Раман у вершах “Родныя дзеці” прэзентаваўся ў Палачанах на Маладзечаншчыне.

***

Не стала маці, да якое нёс
Душу збалелую – паспавядацца.
Не стала бацькі, што прымаў да слёз
Прапашчы лёс зямлі і гаспадарства.

Не стала брата, што дарадцам быў,
Калі ўзнікала клопатнае штосьці.
Не стала і сястры, з якой любіў
Успомніць песні нашай маладосці.

Не стала ўжо і бальшыні сяброў, –
Каб пасядзець за чаркай і яшчэ раз
Адчуць, што хіжы век нас не развёў
I што нам шлях не засланіла шэрасць.

Не стала ўжо, прашу мне дараваць,
I закаханага ў жыццё паэта,
Што так любіў над вершам шчыраваць,
Як Усявышні над стварэннем света!

Таго паэта ўжо няма. Няма!
А сноўдае сярод руін былога
Яго двайнік. Не сільцеся дарма
Пазнаць у ім свайго братка старога.

***

Я столькi памылак зрабiў у жыццi
(А гэта ж – грахi перад богам!),
Што, мусiбыць, як нi круцi нi вярцi –
У пекла мне ляжа дарога.

Але каб бог ведаў, што я перажыў
Сам-насам за тыя памылкi –
Напэўна, сказаў бы: “Ты рай заслужыў.
Анёл цябе прыме ў абдымкi”.

Ніл Гілевіч

Паводле “Нашай Нівы”.

Пакідайце ў каментарах вашы любімыя вершы Ніла Гілевіча.