У 84 гады пайшоў з жыцця апошні народны паэт Беларусі. Апошнім часам ён пакутаваў на анкалагічнае захворванне. 29 сакавіка трапіў у рэанімацыю.

Развітанне з народным паэтам Беларусі пройдзе 1 красавіка ад 11 да 13 гадзін у Свята-Петрапаўлаўскім саборы (Мінск, вул. Ракаўская, 4). А 13-й там пачнецца пахавальная царкоўная служба. Пахаваюць Ніла Гілевіча на Кальварыйскіх могілках, каля жонкі.

Мы пазнаёміліся на мяжы 80-90-х гадоў, калі Ніл Гілевіч выступаў у Палачанах у Доме культуры. Я таксама чытаў на той сустрэчы два свае вершы: “Курган” і “Нямы плач”. Ён потым падышоў да мяне, вельмі цёпла адгукнуўся пра вершы, асабліва пра “Нямы плач”, яго ён горача падтрымаў, бо прысвечаны мове.

Лепшага патрыёта і барацьбіта за беларускую мову я не ведаю. Такога баявога, актыўнага, разумнага і нераўнадушнага чалавека ў адносінах і да мовы, і да жыцця я ў сваім жыцці не сустракаў.

Мы паразумеліся і пасябравалі.

Потым, калі я з аднадумцамі арганізоўваў у Маладзечне гарадское Таварыства беларускай мовы, папрасіў Ніла Гілевіча выступіць перад намі. І ён пагадзіўся, выступіў з прамовай у тэатры.

Ніл Сымонавіч вельмі любіў і цаніў жарты.

Я быў адным з каардынатараў выбарчага штаба па Маладзечанскай акрузе Ніла Сымонавіча, калі выбіралі дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

Канкурэнткай яго ў барацьбе за дэпутацкае крэсла была прадпрымальніца ад “Забудовы”. І яе штаб, і мы развозілі і расклейвалі лістоўкі ў падтрымку сваіх кандыдатаў, праз іх анансавалі наступныя сустрэчы.

У нашага штаба грошай, каб разгарнуць працу з лістоўкамі, не хапала. Лістоўкі здзіралі. У штаба прадпрымальніцы з гэтым праца ішла нашмат лепей.

Аднойчы Ніл Сымонавіч у роспачы сказаў, што без грошай мы нічога не зможам зрабіць, і я прапанаваў яму ўзяць на сустрэчы баяніста і спявачку. Вось тады пайшлі сустрэчы! Выступы разбаўлялі народныя песні, жарты, надзвычай весела яны праходзілі. Ад’язджалі мы пад “Бывайце здаровы, жывіце багата”.

Ніл Сымонавіч пасля такога нашага фокусу перамог на выбарах. Пасля мы пыталіся ў людзей, за каго галасавалі, дык нам адказвалі: “Канешне, за “Гулевіча”!”

Неаднойчы быў у яго ў гасцях, дзе прымалі вельмі сардэчна. Ніна Іванаўна, жонка Ніла Гілевіча, заўсёды падавала на стол смажаныя рабрынкі.

Ніл Сымонавіч вельмі любіў маладзечанскае піва. Ён жартаваў на гэты конт і нават верш прыдумаў. Як бываў за мяжой і каштаваў там піва, душа крычала: “Дайце ж, братцы, маладзечанскага!”

Ён ніколі не “вохкаў”, ён браў і рабіў. Ці то словам, ці то артыкулам, ці то вершам.

Ён з вялікай павагай ставіўся да людзей, якія думалі не так, як ён. Але думалі і гаварылі пра гэта шчыра.

Калі прымалі Закон аб мовах, ён разумеў, што вялікая колькасць людзей русіфікаваная. Але ён таксама разумеў, што ў душы кожны чалавек мае Богам дадзеную вялікую ласку да мовы продкаў, да роднай мовы. Дзякуючы яго неагрэсіўнай палітыцы, палітыцы братэрства беларусаў розных палітычных поглядаў, удалося прыняць той Закон, які адзінай дзяржаўнай мовай аб’яўляў беларускую. Захоўваючы права з поўнай свабодай пісаць і размаўляць на ўсіх мовах нацыянальных меншасцяў.

Ён ласкава вучыў сваіх апанентаў, што асновай духоўнага жыцця павінна быць родная мова.  Ён верыў у чалавечую душу.

Апошні раз я чуў яго пяць дзён таму. Я патэлефанаваў Нілу Сымонавічу як геніяльнаму перакладчыку, каб прачытаць мой пераклад верша “Хмары” вялікай паэткі ўкраінскага народа, якая была паэтычнай сяброўкай Ніла Гілевіча, Ліны Кастэнкі. Сэнс гэтага верша ў бессмяротнасці чалавечай душы.

Ніл Сымонавіч вельмі любіў чалавечую душу! І я думаю, што душа дарагога мне Ніла Сымонавіча паляціць на крылах паэзіі да самога Бога. І адтуль будзе глядзець на нашу родную старонку з вялікім спачуваннем і надзеяй, што яго прарочыя паэтычныя словы мільённа памножацца ў душах беларусаў “і ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі”, як ён казаў у сваім вершы. Разам з табой, дарагі дружа, народны наш паэт.

***

За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем… I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!

Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але –
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.

А можа быць, яна – міраж,
I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?

Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.

Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!

Ніл Гілевіч

Даведка “РГ”. Лявон Цімохін узначальваў Маладзечанскае гарадское таварыства беларускай мовы ў той час, калі Ніл Гілевіч узначальваў Рэспубліканскае таварыства беларускай мовы. 

Фота Віктара Талочкі, “Sputnik”.