Паэт Віктар Шніп пра свае сустрэчы з Нілам Гілевічам.

***

31.01.2013. Амаль дзве гадзіны быў дома ў Ніла Гілевіча. Нагаварыліся. Ніл Сымонавіч падрыхтаваў рукапіс кніжкі для выдання ў серыі “Паэзія ХХ стагоддзя”. Прапанаваў тры назвы: “Мой час”, “Лёс і песня” і “І мы дойдзем…” Першыя дзве ён сам забракаваў, а трэцюю я.

“І мы дойдзем да Беларусі! – нармальна, а вось проста дойдзем – гэта памром…” – сказаў я і Ніл Сымонавіч рассмяяўся: “А мне і ў галаву не прыйшло!”.

Дамовіліся, што я прачытаю рукапіс і можа што прыдумаю для назвы. Наразвітанне Ніл Гілевіч падпісаў Людміле кніжку “Добры анёл беларускасці”: “Дарагая Людміла Іванаўна, шчыра дзякую за светлае слоўца пра Ніну Іванаўну. Здароўя Вам і ўсякіх – вялікіх і малых – радасцяў! Цешуся Вашымі плёнамі на творчай ніве. 30.01.2013.”

А мне падпісаў чацвёрты том выбраных твораў (гумар і сатыра): “Дарагому Віктару Шніпу на ўспамін пра ўсе нашы сустрэчы, пачынаючы ад той далёкай першай у Саюзе пісьменнікаў, недзе на пачатку 80-х, калі мне хацелася падтрымаць Вашы мары пра вялікую паэтычную будучыню. Радуюся, што ў тых сваіх надзеях я не памыліўся. Ад сэрца. 31.1.2013”.

Развітваючыся, я хацеў Нілу Сымонавічу дапамагчы падняцца, але ён запярэчыў: “Калі мне будуць дапамагаць, то я аблянуюся і аслабну!

***

26.11.2014. Па справах хадзіў да Ніла Гілевіча. Думаў пабуду хвілін 10-15 і пайду дамоў, але Ніл Сымонавіч пачаў распытваць, што “там робіцца на волі?”. Ён ужо даўно не выходзіў з кватэры і ўсе навіны ведае з сарочынага хваста. Прагаварылі больш за гадзіну. Ніл Сымонавіч падарыў мне 18-ы том са Збору твораў: “Маім добрым сябрам Людміле Іванаўне і Віктару Анатольевічу – на ўспамін аб сустрэчах, аб гутарках пра Беларусь, аб нашых абавязках перад Ёю. Ад сэрца – Ніл Гілевіч. 26.11.14.”

У гэтым томе змешчаны артыкул пра мае вершы  “Калі не перашкодзіць… пісталет”. Ён быў напісаны ў 2002 годзе. Прабачаючыся за дробныя заўвагі да маіх твораў, Ніл Сымонавіч зачытаў з артыкула вершы пра Дуніна-Марцінкевіча і Геніюш, а потым і вось гэтыя радкі: “Нярэдка ў размовах аб літаратуры і крытыкі, і чытачы карыстаюцца такою ходкай формулай: калі б ён нічога больш не напісаў, апрача гэтага твора, то і тады заняў бы годнае месца ў літаратуры. Пакарыстаюся ёю і я: калі б у Віктара Шніпа былі толькі гэтыя два вершы, то і тады б ён… А ў яго ж такіх вершаў багата…”

На маё пытанне ”Ці адведваюць вас пісьменнікі?” Ніл Сымонавіч адказаў: “Часта прыходзіць мой аднакурснік. Анатоль Вярцінскі. Бывае Эдуард. З Саюза кіраўнікі адведваюць – Пятровіч і Пашкевіч. З Маладзечына, прыехаўшы па справах у сталіцу, заходзіць Міхась Казлоўскі. Ён надта слаўны хлопец! Сёння вы прыйшлі…”

Развітваючыся, Ніл Сымонавіч папрасіў: “Калі будуць пытацца, як я сябе пачуваю, вы зманіце, што Гілевіч вельмі бадзёры, працуе шмат і на здароўе яшчэ не скардзіцца…”

***

20.09.2015. З Людмілай выйшлі з дому а дванаццатай. Адведалі Ніла Гілевіча. Ён пра ўсё, што хацеў ведаць, па парадку, як на ўніверсітэцкім іспыце, распытаўся.

Мы, здаецца, адказалі на ўсе пытанні на дзявятку. Людміле падарыў кніжку “Эпіграмы”, а мне том свайго Збору твораў у 23-х тамах. У кніжцы напісаў: “Дарагому Віктару Шніпу на ўспамін пра нашы сустрэчы і гутаркі. З радасцю, што ў гэтым томе ёсць мая Вам падтрымка. Сардэчна – Ніл Гілевіч. 20.9.15”.

Перад тым, як рабіць подпіс, зачытаў радкі пра мяне і ўрыўкі з вершаў. Незаўважна ў размове праляцелі дзве гадзіны. На вуліцы пачаўся дождж. Абяцаўшы, што не будзем абмінаць кватэру Ніла Сымонавіча, мы развіталіся… 

Фота Яўгена Коктыша, bel.sputnik.by.