Персанальная выстава “Краявіды з коньмі” юнай мастачкі Анастасіі Надудзік адкрыецца ў Палацы культуры 31 сакавіка. Працаваць экспазіцыя будзе да 21 красавіка.

Анастасія Надудзік нарадзілася ў Маладзечне ў сям’і юрыстаў. Ад 10 гадоў дзяўчына наведвае народную студыю выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры Палацы культуры ў Маладзечне. Паралельна скончыла школу мастацтваў па класу фартэпіяна.

Любімая тэма ў творчасці Анастасіі – коні. Іх яна лічыць самай лепшай жывёлай і старанна малюе амаль у кожнай сваёй кампазіцыі. Часцей за ўсё коні знаходзяцца побач з людзьмі, раздзяляючы іх радасці і турботы.

Работы юнай мастачкі пранікнёныя і запамінальныя: “Яблык з роднага саду”, прысвечаная падзеям Вялікай Айчынай вайны; “Новы год прыйшоў”, дзе ўсе радуюцца святу і іншыя. Дзяўчына, як і ўсе выхаванцы народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, любіць наведваць радзіму М.К. Агінскага – Залессе. У Анастасіі нават атрымаўся цыкл прац на тэму “Эпоха паланэзу”. Сярод іх “Сустрэча ля фантана”, “Вясна ў маёнтку М.К. Агінскага”, “У госці ў Залессе”. Ёсць работа, прысвечаная падзеям, якія адбываліся ў Маладзечанскім замку ў 1812 годзе – “Апошні прытулак Напалеона”.

Анастасія Надудзік пастаянная ўдзельніца шматлікіх творчых конкурсаў. Не раз была ўзнагароджана ганаровымі граматамі і дыпломамі. У рэгіянальным конкурсе “Маладзечна – з мінулага ў будучыню” атрымала дыпломы 1 і 3 месца, а на Міжнародным конкурсе ў Літве “М.К. Агінскі – вернем час” стала лаўрэатам.