Пра гэта расказвае Дзмітры Клімашэўскі з Маладзечна.

Ён другі год запар займае другое месца ў абласным конкурсе повараў. На гэты раз у пачатку сакавіка ў Слуцку стаў прызёрам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “WorldSkills Беларусь” па прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”.

У ім удзельнічалі прадстаўнікі 12 каледжаў і ліцэяў Міншчыны узростам да 21 года.

– Гэты конкурс для мяне больш як праверка сваіх сіл і навыкаў – таго, як умею кантраляваць працэс гатавання, – кажа Дзмітры.

Прафесію повара Дзмітры Клімашэўскі выбіраў свядома. Фота забяспечанае Дзмітрыем Клімашэўскім.

Прафесію повара Дзмітры Клімашэўскі выбіраў свядома. Фота забяспечанае Дзмітрыем Клімашэўскім.

На конкурсе ўдзельнікі мусілі прадэманстраваць аўтарскі погляд на сучасную беларускую кухню. На гэта ім адводзіліся тры гадзіны.

Адразу трэба было прыгатаваць фуршэтную закуску. Дзмітры прадставіў на суд журы равіёлі з буракоў са свіной пячонкай. На другім этапе, дзе трэба было прапанаваць гарачую страву са свойскай птушкі, ён прыгатаваў качыную грудку су від з печанай грушай і вінна-кававым соусам.

 Падобную страву Дзмітры прыгатаваў і на конкурсе. Фота забяспечанае Дзмітрыем Клімашэўскім.

Падобную страву Дзмітры прыгатаваў і на конкурсе. Фота забяспечанае Дзмітрыем Клімашэўскім.

– Ці доўга рыхтаваліся да конкурсу?

– Нядоўга. Стравы нарадзіліся за адзін вечар шляхам мазгавога штурму з маім сябрам.

Калі паглядзець спіс пераможцаў конкурсу за два гады, то ў ліку лепшых толькі адна дзяўчына, астатнія – хлопцы. Хоць удзельнікаў прыкладна напалову.

– Чаму так атрымліваецца, што хлопцы бяруць амаль усе прызы?

– Лічу, што прафесія повара – гэта менавіта мужчынская прафесія. Неяк так выйшла, што з-за шэрагу прафесійных крытэрыяў лепшыя повары – мужчыны. Гавару гэта не ў крыўду дзяўчатам і жанчынам. І ў каледжы сапраўды з групы хацелі вывучыцца на повара менавіта хлопцы.

Поварам стаў невыпадкова

Прафесію маладзечанец выбіраў свядома. І кажа: “Ганаруся ёй”.

– Яна мне падаецца: займальная і цікавая. Ды і з самага дзяцінства многіх зачароўвае гэтая прафесія. Вырашыў, што было б нядрэнна стаць прафесіяналам у ёй.

Вучыўся на повара Дзмітры ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы. Дзеліцца, што вялікі ўклад у яго навучанне ўнесла майстар вытворчага навучання Алена Казакова:

– Яна шмат уклала ў мяне сіл і ведаў. Вельмі ўдзячны ёй за дапамогу і прывітую любоў да прафесіі.

– Як да серыяла “Кухня” ці іншых фільмаў на падобную тэматыку ставіцеся?

– Серыял гляджу рэдка, але часцяком там не зусім праўда. Бо, перш за ўсё, гэта серыял і толькі потым – прафесійная кухня.

Дзмітры – выпускнік каледжа, цяпер на адпрацоўцы стараецца ў Мінску. Прафесію сваю кідаць не збіраецца. Нават думае ў вольны час яшчэ папрацаваць афіцыянтам, каб убачыць кухню па той бок раздачы.

У прызёрах – яшчэ адзін зямляк

Яшчэ адзін зямляк навучэнец Вілейскага дзяржаўнага каледжа Павел Станкевіч заняў на конкурсе ў Слуцку трэцяе месца.

– Павел – мэтанакіраваны хлопец, шмат разоў удзельнічаў конкурсах прафесійнага майстэрства. У гэтым годзе ён заканчвае каледж і марыць стаць шэф-поварам уласнага рэстарана. Падрыхтавала яго для ўдзелу ў конкурсе майстар вытворчага навучання Ала Дарошка, паведаміла культарганізатар каледжа Святлана Мацукевіч.

Даведка “РГ”. Су від – з французскай “пад вакуумам” – метад прыгатавання ежы, пры якім мяса ці гародніна змяшчаюцца ў пластыкавы пакет з адпампаваным паветрам і павольна гатуюцца пры параўнальна нізкай і дакладна кантраляванай тэмпературы, звычайна на вадзяной лазні.