Дэпутат паведаміла, што пытанне аб папулярызацыі беларускай мовы ўнесенае ў праект кодэкса і будзе абмяркоўвацца зацікаўленымі бакамі.

Так, у праекце кодэкса цяпер гаворыцца пра тое, што “прызнанне беларускай мовы галоўным здабыткам беларускай нацыянальнай культуры” і “самым важным фактарам фарміравання нацыянальнага менталітэту” з’яўляецца “адным з прынцыпаў, на якіх грунтуюцца грамадскія адносіны ў сферы культуры”.

“У якасці аднаго з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі прадугледжваецца захаванне, развіццё і распаўсюджванне (папулярызацыя) беларускай мовы і стымуляванне выдання твораў мастацкай культуры, якія маюць значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання беларускай мовы”, – адзначаецца ў дакуменце.

Акрамя таго, распаўсюджванне беларускай мовы названае адной з мэтаў дзейнасці творчых саюзаў, а таксама адным з кірункаў, на які мецэнаты могуць ахвяраваць сродкі.

У той жа час вусная і пісьмовая беларуская мова, у тым ліку яе дыялекты, графічныя сістэмы і арфаграфічныя традыцыі аднесеныя да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў. “Да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аднесенае спрыянне пашырэнню выкарыстання беларускай мовы ў культурнай дзейнасці на адпаведнай тэрыторыі”, – абвяшчае адкарэктаваны праект кодэкса.

Праект Кодэкса аб культуры змяшчае ўсе дзейныя прававыя акты ў сферы культуры, у тым ліку палажэнні законаў аб культуры, бібліятэчнай справе, музейнай справе, народным мастацтве і промыслах, творчых саюзах, кінематаграфіі, аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і іншых нарматыўна-прававых актаў.

Сярод іншага, праект кодэкса прадугледжвае супрацоўніцтва дзяржорганаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, напрыклад для рэалізацыі культурных праектаў. У ім таксама прапісанае павелічэнне ролі грамадскасці ў вырашэнні пытанняў культуры, у тым ліку стварэнне пры мясцовых распарадчых і выканаўчых органах абласнога і базавага тэрытарыяльнага ўзроўняў грамадскіх наглядных камісій па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама стварэнне пры дзяржаўных органах грамадскіх саветаў і камісій.

У пачатку снежня мінулага года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі праект Кодэкса аб культуры ў першым чытанні.

Захар ШЧАРБАКОЎ, БелаПАН.