Такое рашэнне прынятае ў сувязі з тым, што горад сёлета носіць ганаровае званне “Культурная сталіца”. А якая культура без культуры мовы?

Такія змяненні ў першую чаргу закрануць цэнтральныя вуліцы – Цэнтральную плошчу, парк, “Брадвей”.

Ініцыятыву падтрымалі бібліятэкары і тэатральныя дзеячы Маладзечна, таму ад сёння беларускую гаворку можна будзе пачуць паблізу бібліятэк, а таксама Мінскага абласнога драматычнага тэатра і тэатра лялек “Батлейка”.

Алег Чэчанеў, акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра, да новаўвядзення паставіўся станоўча.

– Я ад пачатку быў беларускамоўным, таму гэтае новаўвядзенне падтрымліваю. Было б няблага, каб яшчэ штрафы давалі таму, хто не ведае, як на беларускую мову перакладаецца “театральный деятель”. Але я за тое, каб і штрафы выпісвалі на беларускамоўных квіточках.

Калі традыцыя прыжывецца, то да канца года, як мяркуюць арганізатары акцыі, па-беларуску загаворыць усё Маладзечна.

І каб традыцыя прыжывалася хутчэй, на цэнтральных вуліцах будуць дзяжурыць валанцёры, каб падказваць маладзечанцам, як перакладаецца тое ці іншае слова.

Ад пачатку акцыі маладзечанцы часцей за ўсё па-беларуску віталіся, пыталіся колькі гадзін і як прайсці на пэўную вуліцу. 

Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” таксама далучылася да акцыі. І вуліца Вялікі Гасцінец паблізу дома № 68 стала беларускамоўнай.

– Ці ведаеце вы, што цяпер у грамадскіх месцах можна размаўляць толькі па-беларуску? – спыталіся мы ў мінака Васіля Станіслававіча ля рэдакцыі.

– Не, не ведаў, добра, што падказалі. Будзе нагода ўспомніць усе лепшыя беларускія словы. Добрага дня, вам, дзяўчаты, і плённай працы. Пакуль!

*З 1 красавіка, паважаныя чытачы. Усміхайцеся, спадарства, усміхайцеся!