Маладзечанцу Мікалаю Сінягоўскаму было шэсць гадоў, калі яго разам з сям’ёй вывезлі з Бранскай вобласці ў “Шталаг-342”.

Сёння ў яго няма нават пасведчання вязня, засталіся толькі ўспаміны 73-гадовай даўніны.

У рэдакцыю патэлефанаваў сябар Мікалая Сінягоўскага мала­дзечанец Святаслаў Палівода. Ён папрасіў пагутарыць з Мікалаем Іванавічам, як амаль з апошнім з тых людзей, хто прайшоў “Шталаг – 342”.

 – А вы памятаеце шмат таго, што здаралася з вамі ў шасцігадовым узросце? – пытаецца суразмоўца. – Вось і я памятаю асобныя эпізоды.

Год 1943. Восень. Памятаю, што дома былі мама, бабуля, я і дзве мае сястры, адна малодшая за мяне, другая – старэйшая.

Бабуля пякла хлеб, калі ў дом зайшоў нямецкі афіцэр з пукам саломы. Загадаў усім выйсці з хаты, нават не даў часу сабраць рэчы, але карову ўзяць з сабой дазволіў. Мы выйшлі, ён кінуў пук саломы на падлогу і падпаліў хату. Так яна і згарэла з усёй маёмасцю, з печчу, у якой дапякаўся хлеб.

Карову пагрузілі ў адзін бок вагона, нас, лю­дзей, у другі. І павезлі…

У дарозе цягнік моцна трэсла, печка, якая стаяла ў вагоне, увесь час кулялася, на падлогу высыпаліся вугельчыкі. У мяне да гэтага часу на нагах ёсць сляды ад апёкаў.

У Маладзечне нас пасадзілі спачатку ў турму, што ля аўтавакзала, а потым прывезлі ў “Шталаг”.

Памятаю драўляныя баракі, ложкі, засланыя саломай. І борцікі былі на ложках, каб салома не вывальвалася.

Немцы былі розныя. Памятаю, мама называла аднаго “харошы немец”. Ён выпускаў жанчын і старэйшых дзяцей у горад, пабірацца. Мама прыносіла і нейкую ежу, і нейкія анучы, якімі потым накрываліся.

Як вызвалялі – не памятаю. Але пасля “Шталагу” нас пасялілі ў вёсцы Мянюткі. Гаспадыню звалі Фенька Янушкевіч. Бліны пякла, частавала нас, дзяцей. Мама сварылася, каб не бралі, бо непрыгожа гэта.

У “Шталагу” выжыла ўся сям’я. Потым да нас прыехаў і бацька, які там, у Бранску, пайшоў у партызаны.

Ці памятаю зверствы нейкія ў “Шталагу”? Не. Мы ж, грамадзянскія, жылі асобна.

У памяці застаўся толькі шэры шэраг ваеннапалонных, якіх прывезлі ў “Шталаг”. Іх, як казалі людзі, знішчалі.

За грошы фонду “Прымірэнне” ў дом правялі газ

Пасля вайны Мікалай Іванавіч так і застаўся ў Маладзечне, закончыў школу №2. Пасля служыў на флоце. А калі пачаў працаваць завод “Спадарожнік”, уладкаваўся на яго, дзе і адпрацаваў 30 гадоў. 

За савецкім часам не прынята было абмяркоўваць ваеннае мінулае. Толькі ў канцы 90-х паспрабавалі атрымаць пасведчанне вязня. Для гэтага трэба было знайсці двое сведкаў, з кім разам былі ў “Шталагу”. Ды дзе іх знойдзеш?

Толькі двойчы ад фонду “Прымірэнне” атрымалі грашовую кампенсацыю. За яе і правялі ў дом газ.

Мікалай Іванавіч кажа, што і ў сям’і пра вайну амаль не гаварылі.

– Калі нешта і ўспаміналі разам з мамай, то толькі тое, што вайна раскідала па свеце многіх сваякоў. І пасля вайны вялося шмат перапіскі, каб даведацца, хто дзе. Дзе мае стрыечныя браты, да гэтага часу не ведаю.

Мікалай Сінягоўскі ў Маладзечне ажаніўся, нарадзіліся дзеці, унукі.

– Не пускаюць мяне ў рай унукі, не нараджаюць праўнукаў. Гавораць жа так, што той, хто дачакаўся праўнукаў, у рай трапляе без чаргі, – смяецца Мікалай Іванавіч.

А на радзіме, у Бранску, Мікалай Сінягоўскі больш так і не быў.

– Хаця, здаецца, я бы і сёння знайшоў тое месца, дзе стаяў наш дом, на хутары Бор. Але што там цяпер? Ці жывуць там людзі? Ці аднавілі хату? Не ведаю. Толькі з гадамі ўсё больш цягне на радзіму.