Таксама глядзіце спіс навучальных устаноў, вучні якіх фігуравалі ў злачынствах у 2015 годзе.

Падлеткавая злачыннасць працягвае расці. Тэндэнцыя не мяняецца ад 2013 года.

Начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Маладзечанскага РАУС Сяргея Шытыку асабліва хвалююць хуліганствы. Маладзечанскі раён адзін з лідараў у вобласці па іх колькасці.

– Палова злачынстваў 2015 года – кра­дзяжы. І вельмі мяне хвалюе, што летась вельмі вырасла вулічная злачыннасць, хуліганствы. Калі ў 2014 годзе іх было толькі 3, то ў 2015-м ужо 10, – адзначае Сяргей Шытыка. – “Не так пагля­дзеў” ці “не так сказаў” – ужо нагода, каб збіць чалавека. Прычым вельмі жорстка.

Летась падчас прэзідэнцкіх выбараў у Маладзечне цяжка збілі двух мужчын, прычым аднаго вельмі цяжка. За што? Курылі каля бара, у гэты час міма праходзіла кампанія хлопцаў, і калі маладзёны папрасілі цыгарэту, ім сказалі, што няма. Тром падлеткам, якіх прызналі вінаватымі ў нападзе, прысудзілі шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Ці яшчэ адзін красамоўны выпадак у Чысці. Пара закаханых, хлопец і дзяўчына, сталі каля пад’езда цалавацца. Мужчына, які стаў назіральнікам гэтага, зрабіў ім заўвагу. Маўляў, не самае лепшае месца для выказвання пачуццяў: ва ўсіх навідавоку. Хлопец збіў мужчыну да разрыву селязёнкі, потым вярнуўся да дзяўчыны, і яны працягнулі шпацыр. Мужчыну ж павезлі ў бальніцу на аперацыю. У выніку хлопец шэсць месяцаў знахо­дзіўся пад следствам, і атрымаў пазбаўленне волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору.

– Такіх хуліганстваў, з цяжкімі альбо не цяжкімі наступствамі, летась было 10. У вобласці мы сярод першых па іх колькасці, – звяртае ўвагу начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх. І ўжо сёлета ёсць такія выпадкі.

Літаральна на мінулым тыдні, 17 сакавіка, двое падлеткаў, выпіўшы піва, ішлі па дарозе ў раёне Здземелева. З імі параўняўся 13-гадовы хлопчык.

Ён проста прайшоў міма, ні слова ім не сказаў, яны таксама нічога яму не казалі.

Ужо адышоў на метраў 50, калі адзін з іх зрываецца, бяжыць за хлопчыкам і збівае яго, пасля чаго вяртаецца да свайго сябра. Калі супрацоўнікі міліцыі спрабавалі высветліць, што на яго найшло, чаму ён накінуўся на хлопчыка, той адказаў: “Ён на мяне не так паглядзеў”. А хлопчык зразумець не можа, як ён паглядзеў: “Не знаю, ну я ж з расплюшчанымі вачыма іду, можа і паглядзеў. Паглядзеў, і міма прайшоў”.

– Прычым хлопец, які збіваў, ніколі не фігураваў у такіх справах. Што на яго найшло – незразумела, – кажа Сяргей Шытыка.

Моладзь працягвае ўжываць наркотыкі

Калі летась было адно злачынства, звязанае з захаваннем і распаўсюджваннем наркотыкаў, то сёлета ўжо два.

Пераважна спажываюць маладыя людзі ад 15 да 30 гадоў. І самы праблемны наркотык, які яны ўжываюць, гэта спайсы. Ён хімічны і можа выклікаць залежнасць ужо пасля першага-другога ўжывання.

Спайсы вельмі складана вызначыць у арганізме чалавека. Можа быць відавочным, што чалавек паводзіць сябе неадэкватна, але аналізы нічога не паказваюць.

– Мы вельмі доўга назіралі за адным хлопцам, якога падазравалі ва ўжыванні наркотыкаў, размаўлялі з ім, з яго бацькамі. Нядаўна ён трапіў да нас за распаўсюджванне і атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі. Хлопец малады, 19 гадоў, – расказвае Сяргей Шытыка. – Шмат “званочкаў” паступае нам з каледжаў. Калі навучэнцы прыходзяць на заняткі і паводзяць сябе неадэкватна.

У школах гэта праблема пакуль што стаіць не так востра. Верагодна, з-за таго, што прасцей заўважыць, што з вучнем не ўсё ў парадку, а таксама з-за прапускной сістэмы, якая не дазваляе трапіць ва ўстанову кожнаму ахвотнаму.

Навучальныя ўстановы, вучні якіх фігуравалі ў злачынствах у 2015 годзе

 

Колькасць удзельнікаў злачынстваў

Колькасць злачынстваў, учыненых удзельнікамі

СШ №2

1

6

СШ №5

1

1

СШ №8

1

3

СШ №12

1

5

СШ №14

1

1

Маладзечанскі дзяржаўны каледж

12

15

Беразінскі аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй

5

5

Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй

1

1

Красненская СШ

1

3

Чысцінская СШ

1

1

Радашкавіцкая школа-інтэрнат

2

3

Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж

5

5

Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж

1

2

//