Дыяскінтэст летась дапамог убачыць хваробу там, дзе яе не вызначыў рэнтген.
У 2015 годзе на Маладзечаншчыне ўпершыню праводзілі прафілактыку туберкулёзу пры дапамозе новага сродку.
Менавіта станоўчы вынік дыяскінтэста падштурхнуў дыягностыку. Хлопцаў праверылі на камп’ютарным тамографе, які пацвердзіў туберкулёз.
У аднаго з іх ён развіўся на фоне здароўя. Ніхто б і не западозрыў хваробу, калі б не прафілактычны агляд для падлеткаў. Хлопец узяў на год акадэмічны адпачынак, падчас якога паспяхова вылечыўся.
Другі трапляў у групу тых, каму туберкулёз пагражае. Але зноў жа, хваробу не знайшлі пры звычайнай флюараграфіі. Аказалася, хлопец захварэў на форму з множнай лекавай устойлівасцю. Такая форма не паддаецца звычайным лекам, таму яму давядзецца лячыцца два гады па спецыяльнай праграме.
Множная лекавая ўстойлівасць – мутацыя туберкулёзу, якая выпрацавалася праз нядобрасумленных пацыентаў. Пры лячэнні хворыя павінны прымаць дакладны курс лекаў, але некаторыя спыняюць іх прыём. Тады мікабактэрыя не памірае, а выпрацоўвае ўстойлівасць да тых лекаў, якія непрыняў пацыент.
Такі хворы заражае іншых адразу туберкулёзам з множнай устойлівасцю, якую не вылечыш лекамі першага пакалення. Ён патрабуе больш моцных прэпаратаў.
Што такое дыяскінтэст
Гэта прадукт геннай інжынерыі, выпрацаваны расійскімі вучонымі. У яго складзе ёсць бялкі, спецыфічныя менавіта для туберкулёзнай палачкі. Таму станоўчая рэакцыя магчымая толькі ў тых выпадках, калі ў арганізме ёсць патагенныя мікабактэрыі.
Дакладнасць тэста складае 98%, а проба Манту – каля 60%.
Тыя, у каго проба Манту паказала станоўчы вынік, не заўсёды з’яўляюцца хворымі. Менавіта таму на дапамогу прыходзіць дыяскінтэст, які валодае большай дакладнасцю. Ён не замяняе пробу Манту. Яго выкарыстоўваюць пасля станоўчай рэакцыі на пробу, каб яе пацвердзіць ці абвергнуць. Важна выкарыстоўваць дыягнастычныя магчымасці ў комплексе, каб атрымаць дакладны дыягназ. Спачатку зрабіць пробу Манту. Калі яна станоўчая – выканаць дыяскінтэст. Калі станоўчы і ён, прайсці камп’ютарны тамограф.
– Я надаю вялікае значэнне карысці дыяскінтэста, – падкрэслівае загадчыца дыспансернага аддзялення Маладзечанскага супрацьтуберкулёзнага дыспансера Тамара Навіцкая. – Не забывайце пра пазалёгачныя формы хваробы, напрыклад, туберкулёз пазваночніка. Гэты прэпарат знаходзіць тое, што не вызначае рэнтген. Напрыклад, саркаідоз і клінічна, і на рэнтгене вельмі падобны да туберкулёзу, а дыяскінтэст вызначыць дакладны дыягназ.
У 2015 годзе новым прэпаратам абследавалі каля дзвюх тысяч жыхароў Маладзечаншчыны. Паводле загада Міністэрства аховы здароўя, ім правяраюць падлеткаў, дзяцей і тых, хто трапляе ў групу рызыкі.
Тамара Навіцкая лічыць, што дыяскінтэстам варта правяраць не толькі тых, хто трапляе ў групу рызыкі. З тых двух хлопцаў, у якіх знайшлі мікабактэрыю, толькі адзін у гэтай групе, другому проста пашанцавала прайсці прафілактычны агляд. У Маладзечанскім супрацьтуберкулёзным дыспансеры дыяскінтэст праводзяць па пятніцах ад 9 да 11 гадзін.
“Пульмаскан” бяспечней за сонца
Загадчыца дыспансернага аддзялення супрацьтуберкулёзнага дыспансера занепакоеная, што прафілактыка хваробы звужаецца:
– Адмянілі агляд у 14 год, ад мая адмяняюць у 7. І застаецца толькі прышчэпка, якую робяць у радзільні. Мы можам прапусціць хваробу на яе пачатку.
Колькасць хворых на туберкулёз застаецца стабільнай, але павялічваецца колькасць пацыентаў з множнай лекавай устоўлівасцю. Павялічылася і колькасць тых, у каго адначасова і ВІЧ, і туберкулёз. Хвароба маладзее, хаця сярод пацыентаў сустракаюцца і пенсіянеры.
Яшчэ адзін спосаб вызначыць хваробу – даследаванне макроты. Ім карыстаюцца звычайна для тых, хто не можа хадзіць. Для тых, хто пазбягае рэнтгена, гэта можа стаць хіба што вельмі маруднай альтэрнатывай. Даследаванне трэба рабіць тройчы, і вынік кожнага з іх чакаць два месяцы. Атрымліваецца, што адказ чалавек атрымае толькі праз паўгода. Таму для дарослых найлепшым сродкам кантраляваць сваё здароўе застаецца флюараграфія.
Тамара Навіцкая таксама прапануе маладым мамам не баяцца прышчэпкі ў раддоме:
– Мы не ўводзім чужародны прэпарат, а толькі антыген, які не аслабляе імунітэт. Не трэба баяцца і флюараграфіі – мы працуем з сучаснымі “Пульмасканамі”, выпраменьванне якіх не перавышае дозу радыяцыі ад звычайнага яркага сонца.
Загадчыца супрацьтуберкулёзнага дыспансера раіць быць пільнымі ў прафілактыцы туберкулёзу, таму што хвароба можа быць адначасова незаўважнай і небяспечнай.