Жыхары аднаго мястэчка аб’ядналіся і зрабілі агульную справу: Алена Ліхадзіеўская напісала вершаваныя казкі, а вучні Красненскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў паставілі іх на сцэне.

Падчас прадстаўлення 25 сакавіка вядучая Арына Камандзіга распавяла пра кнігу “Казкі” паэткі Алены Ліхадзіеўскай. Яна змяшчае чатыры вершаваныя творы – “Суседзі”, “Жук і Буслік”, “Дарога да шпіталя” і “Лясны аўтамабіль”. Красненскія школьнікі паставілі першыя дзве з іх.

Казка “Суседзі” пра тое, як Мышка з Кратом і Дзяцел з Савой змайстравалі ліфт, каб было прасцей трапіць да сяброў. Ролю Мышкі выканала Мілана Траццяк, Крата – Яна Страха, Дзятла – Ксенія Астапенка, а Саву сыграла Анастасія Паланцэвіч.

У казцы “Жук і Буслік” вучні адлюстравалі, што не варта пераацэньваць знешнасць. Ролю Жука выканала Мілана Траццяк, Даша Арловіч увасобіла Бусліка. Мастацкі кіраўнік пастановак – Алена Халявінская.

Даша Арловіч.

Даша Арловіч.

Алена Ліхадзіеўская падзякавала акцёрам і настаўнікам за прадстаўленне. Яе казкі атрымалі новае гучанне, калі з кнігі перайшлі на сцэну.

Галоўны рэдактар “РГ” Аляксандр Манцэвіч распавёў красненцам пра тое, чаму ім варта далучацца да чытачоў нашай газеты.

Рака Уша ў Красным упадае ў Вілію, што робіць мястэчка адным з пунктаў, якія з’яднала газета беларускага Павілля.

У размове з карэспандэнтам “РГ” юныя артысты адзначылі, што казкі вывучылі на памяць вельмі хутка. Дзяўчынкі займаюцца ў літаратурным гуртку, на занятках якога прачыталі кнігу мясцовай паэткі. Вырашылі іх тэатралізаваць і ўжо выступілі з імі чатыры разы.

Казкі маюць зразумелы павучальны змест. “Суседзі” вучаць цаніць сяброўства, дапамагаць адзін аднаму. Даша жартаўліва апісвае казку “Жук і Буслік” так: “Як я высмейваю Мілану”. Але школьніцы адразу дадаюць, што гэта спачатку, а пасля становіцца зразумела, што не трэба залішне хваліцца і любавацца сабой, нават калі лічыш сябе вельмі прыгожым. Бо знешні выгляд ніяк не адбіваецца на ўзаемаадносінах і сяброўстве.

Юныя акцёры з Краснага.

Юныя акцёры з Краснага.

Дзяўчынкі прызналіся, што перад пачаткам прадстаўлення крыху пабойваліся. Даша Арловіч дадала: “Ну, баялася, а як выступіла, то яшчэ раз захацела!”

У літаратурным гуртку ў школе вучні не толькі чытаюць чужыя творы, але і абмяркоўваюць першыя спробы свайго паэтычнага таленту. Тэатралізаваныя казкі школьнікі збіраюцца паказваць іншым красненцам, а таксама думаюць пра гастролі.

Алена Ліхадзіеўская.

Алена Ліхадзіеўская.

Аляксандр Манцэвіч.

Аляксандр Манцэвіч.