Вучань 8 “А” класа Вілейскай гімназіі №1 “Логас” Іван Прылепскі заваяваў Дыплом першай ступені на заключным (чацвёртым) этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.
Пра гэта паведаміла настаўніца гімназіі Алена Мачэль. І дадала:
– Рэспубліканская прадметная алімпіяда праводзіцца ў чатыры туры: школьны, раённы, абласны і рэспубліканскі. Як цяжка прайсці вучню ўсе чатыры этапы! Гэта падрыхтоўка, падрыхтоўка і яшчэ раз падрыхтоўка. Многа гадзін трэба ўдзяліць вывучэнню вызначанага прадмета, каб перамагчы. Як на спартыўнай дыстанцыі, не здолеў, выдахся – выніку не будзе!
Іван Прылепскі прайшоў чатыры этапы рэспубліканскай алімпіяды і перамог. Фота забяспечана Аленай Мачэль.
Па інфармацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама вучні з Вілейшчыны заваявалі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды яшчэ два Дыпломы трэцяй ступені. Адзінаццацікласнік Куранецкай сярэдняй школы Андрэй Жаўняровіч – па хіміі, дзявяцікласніца сярэдняй школы №3 Вілейкі Ганна Арлоўская – па беларускай мове і літаратуры.
Па апошнім прадмеце пахвальным водгукам адзначана вучаніца дзявятага класа Вілейскай гімназіі №2 Яніна Аляксеева.