На працягу двух тыдняў ахвотныя маглі задаваць пытанні спецыялісту “Шынамантажу TIR” Дзмітрыю Губару, а таксама дзяліцца сваім досведам, як вы рамантуеце машыну.

Цяпер усе тыя, хто задаваў пытанні, атрымаюць адказы на хвалюючыя праблемы.

1. Ці трэба “пераабувацца” на летнюю гуму? Ці можна ездзіць на зіме ўвесь год?

Дзмітры Губар. Гума для машыны – тое самае, што і боты для любога чалавека. Вы ж не будзеце зімой хадзіць у летніх басаножках альбо шлёпанцах, бо вам будзе холадна, нязручна. Тое самае і з машынай – на кожны сезон павінна быць свая гума. Каб кіроўца адчуваў сябе больш спакойна за рулём, а машына паводзіла сябе паслухмяна.

У складзе зімовай гумы больш каўчуку, таму яна не перамярзае, не губляе сваёй эластычнасці, нават пры вельмі нізкіх тэмпературах машына больш устойлівая на дарозе.

Калі ж ездзіць на ёй летам, акрамя большага зносу гумы вы будзеце адчуваць, што машыну вядзе ў бок.

Гума на ўсе сезоны і па хімічным саставе і па рысунку пратэктара не падыходзіць для спёкі і для моцнага марозу. Яе можна параўнаць з дэмісезоннымі ботамі – у невялікі холад адчуваеш сябе камфортна, аднак зімой у іх змерзнеш. Калі на дарозе снежная каша, на такой гуме машына больш устойлівая ў параўнанні з летняй гумай, аднак не засцерагае цалкам ад няшчаснага выпадку.

2. Часта падчас руху адчуваю вібрацыю на машыне. Аднак пакуль не маю сродкаў для таго, каб адрамантаваць яе. Без транспарту таксама не магу абысціся. Да якіх наступстваў можа прывесці вібрацыя?

Дзмітры Губар. Лепш адразу рамантаваць машыну, бо чым больш вы ездзіце на ёй, тым большых укладанняў гэта вымагае. У самым горшым варыянце вам прыйдзецца рамантаваць падвеску.

Прычынай вібрацыі можа быць разбалансіроўка кола. Калі на машыне стаяць літыя дыскі, то ў асенне-зімовы перыяд на ўнутранай паверхні дыска можа намярзаць вільгаць, што таксама выклікае вібрацыю.

3. Цікава было б даведацца, колькі гумы за дзень робіць адна майстэрня па шынамантажы вясной, калі дарога разбітая пасля зімы?

Дзмітры Губар. Канешне, вясной колькасць зваротаў расце. Аднак дакладна мы не падлічваем, колькі заменьваем гумы.

Да нас часцей за ўсё звяртаюцца з больш сур’ёзнымі праблемамі: парэзы, булкі, грыжы.

4. Цікава, а ў рэгіёне хто-небудзь ужо апрабаваў на сабе балансіроўку грануламі?

 Дзмітры Губар. Трэба ўлічваць, што балансіроўка грануламі разлічаная не на ўсе памеры гумы, пераважна на грузавыя машыны, аўтобусы, джыпы.

Калі апрабоўвалі балансіроўку грануламі на грузавых машынах, у гаспадароў не было нараканняў. Тое ж самае і з джыпамі.

Спрабавалі таксама засыпаць гранулы ў легкавую машыну з 18 радыусам кола, то пры хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну ўладальніку было не вельмі камфортна за рулём – адчувалася вібрацыя. Аднак трэба адзначыць, што машыны з такім радыусам кола не было ў табліцы, таму гранулы сыпалі прыблізна.

5. Хацелася б даведацца, што такое балансіроўка грануламі?

Дзмітры Губар. Замест грузікаў, якія выкарыстоўваюць пры звычайнай балансіроўцы, у пакрышку засыпаюць гранулы – гэта і ёсць балансіроўка грануламі. Яны размяркоўваюцца па ўнутранай частцы гумы падчас руху.

Балансіроўка грануламі змяншае знос гумы больш чым на 25%, змяншае расход паліва да 8%, павышае ўстойлівасць машыны на дарозе, ліквідуе вібрацыю кола і падвескі.

У Польшчы гэты метад даўно выкарыстоўваюць. У Беларусі толькі пачынаюць пераймаць гэты досвед. Пакуль грануламі балансіруюць велікагрузныя машыны: пазадарожнікі, грузавікі, аўтобусы, мікрааўтобусы. Аднак трэба адзначыць, што балансіроўка грануламі падыходзіць не для ўсіх машын.

6. Падкажыце, наколькі надзейны рамонт праколатай бяскамернай гумы шнурам?

Дзмітры Губар. Такі від рамонту з’яўляецца часовым. Яго можна зрабіць самастойна, каб даехаць да СТА.

Недахопам такога рамонту з’яўляецца тое, што адтуліна ад праколу не закрытая латкай, шнур расслаблены і прапускае паветра.

7. Як вызначыць узровень зносу гумы?

Дзмітры Губар. Паводле правілаў дарожнага руху, гума легкавых аўтамабіляў мае астаткавую вышыню рысунка пратэктара не менш за 1,6 міліметра, грузавых аўтамабіляў – 1 міліметр, аўтобусаў – 2 міліметры, матацыклаў і мапедаў – 0,8 міліметра.

Калі на гуме з’явіўся адзін індыкатар зносу, размешчаны па дне канаўкі пратэктара, гума лічыцца непрыдатнай да эксплуатацыі.

Калі вы хочаце вызначыць узровень зносу гумы, то вам неабходна ўзяць лінейку альбо цыркуляр, апусціць іх у канал і такім чынам вызначыць узровень зносу гумы.

8. Я заўважыў такі сімптом, як “біенне руля”. Падкажыце, калі ласка, што гэта можа быць?

Дзмітры Губар. Прычынай можа з’яўляцца дысбаланс пакрышкі, яе пашкоджанне, булка як збоку, так і на пратэктары, праблемы з падвескай.

9. Падкажыце, як самастойна вызначыць, што машыне патрэбная балансіроўка? Якія могуць быць наступствы, калі не рабіць балансіроўку?

Дзмітры Губар. Пасля замены гумы, варта адбалансіраваць колы. Калі гэтага не зрабіць, у машыне падчас руху можа з’явіцца вібрацыя. Яна прыводзіць да таго, што зношваюцца дэталі падвескі, колы маюць меншае счапленне з дарогай. Таму машынай больш складана кіраваць, павялічваецца тармазны шлях, машыну вядзе ў бок падчас руху.

Таму калі вы заўважылі хаця б адну з названых вышэй прыкмет, значыць машыне патрэбная балансіроўка.

10. Адчуваецца вібрацыя, якая перадаецца ў рулявое кола. У чым можа быць праблема?

Дзмітры Губар. Прычын такой сітуацыі можа быць некалькі: неабходна адбалансіраваць гуму, ёсць дэфект пакрышкі альбо разбітая падвеска.

11. Ці ёсць у вас паслуга выязнога шынамантажу?

Дзмітры Губар. Пакуль няма, аднак мы разглядаем варыянты, каб адкрыць такую паслугу, бо яна вельмі актуальная для горада.

12. Як правільна перастаўляць колы ў аўтамабілі?

Дзмітры Губар. Рэкамендуецца перастаўляць колы пры замене масла.

Калі гума накіраваная, то пярэднія колы перастаўляем назад, заднія наперад. Пры гэтым не мяняем бакоў.

Калі гума ненакіраваная, то можна перастаўляць як заўгодна.

13. Ці можна самому змантаваць гуму на дыск?

Дзмітры Губар. Можна, калі вы маеце пэўны спрыт і інструмент. Аднак усё ж такі не раім гэтага рабіць, даверце гэтую справу спецыялістам, каб не пашкодзіць дыск альбо гуму.

14. Як не пераплачваць за шынамантаж? На чым можна зэканоміць?

Дзмітры Губар. Папярэдне вы можаце патэлефанаваць у розныя шынамантажы і СТА, каб даведацца, дзе патрэбную вам паслугу зробяць танней. Можа, у гэты перыяд ёсць акцыі, скідкі.

У шынамантажы вы зможаце самастойна зняць гуму.

Калі ў вас ёсць другі камплект гумы, то вы можаце рабіць балансіроўку толькі адзін раз на год.

Аднак лепш даверыць сваю машыну добраму шынамантажу, каб вам зрабілі ўсё якасна і не было праблемаў з машынай.

ІП Губар Д.В. УНП 690462002