Выкарыстанне планшэтаў і смартфонаў салдатамі ў беларускім войску забароненае з мэтай інфармацыйнай бяспекі, заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, каментуючы журналістам гэтую забарону.

“Нічога не перашкаджае салдату, калі размова пра салдата, мець з сабой маленькі мабільны тэлефон, які прызначаны для перамоваў з бацькамі, каханай дзяўчынай, – сказаў ён. – Таму што ўсе астатнія віды гаджэтаў маюць здольнасць інфармацыю не туды, куды трэба, перадаваць. Гэта з мэтай інфармацыйнай бяспекі”.

На пытанне БелаПАН, ці не звязаная забарона з выпадкамі парушэння статутных адносін і асцярогамі, што салдаты з выкарыстаннем смартфонаў могуць атрымаць доказы націску на іх, Раўкоў адказаў: “Простым тэлефонам таксама можна здымаць. У любым тэлефоне практычна ёсць кінакамера”.

Ён таксама дадаў: “Пра парушэнні статутных адносін я казаў вельмі шмат. Мы з імі змагаемся. Адкуль яны прыходзяць, вы ведаеце выдатна. Не ў воінскіх калектывах яны нараджаюцца. Гэта ўсё прыходзіць з грамадзянкі з узаемаадносін тых жа студэнтаў, тых жа людзей, якія атрымліваюць сярэднюю тэхнічную адукацыю, з той жа вуліцы. Гэта ўсё адтуль прыходзіць. А ўжо як яно перараджаецца, як у вайсковых умовах сябе паказвае – тут ужо як мы спрацуем, як зможам у станоўчы бок усё павярнуць”.