Адзін з інцыдэнтаў адбыўся на запраўцы, якая знаходзіцца на выездзе з горада ў бок Мінска па Вялікім Гасцінцы.
30 сакавіка каля 17:20 59-гадовы маладзечанец на “Аўдзі-А6” прыехаў заправіць аўто. Уставіў пісталет у бак, пайшоў аплачваць. Аператарка аўтазаправачнай станцыі ўдакладніла, што яму трэба праехаць да іншай калонкі.
Калі кіроўца выйшаў з будынка, забыўся вярнуць пісталет на месца і пачаў рух. Пры гэтым пісталет абарваўся.
Кіроўцу вынеслі штраф – 0,5 базавай велічыні (105 000 рублёў). Пры гэтым высветлілася, што кіроўца не меў страхоўкі. За гэта яму вынеслі штраф у 10 базавых велічынь – 2 100 000 рублёў.
Другі інцыдэнт адбыўся 29 сакавіка каля 12:30. Па Лібава-Роменскай на запраўцы каля пуцеправода.
52-гадовая кіроўца “Рэно-Меган-Сцэнік” прыехала заправіць аўтамабіль. Таксама забылася вярнуць на месца пісталет, пачала выязджаць і пачула воплеск. Спынілася, выйшла з машыны і ўбачыла, што пашкодзіла заправачную калонку.
Як потым распавяла кіроўца, яна вельмі спяшалася, таму з месца здарэння з’ехала.
Пра здарэнне міліцыі паведаміла аператарка заправачнай станцыі.
Раніцай наступнага дня супрацоўнікі міліцыі адшукалі кіроўцу і склалі пратаколы. Яе пазбавяць правоў кіравання на тры месяцы.
Пра здарэнні распавёў дзяржаўтаінспектар Сяргей Бартош.