Прысвечаная яна ўгодкам чатырох праваслаўных храмаў, якія адбудуцца сёлета.

Царкве Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх у вёсцы Кастыкі спаўняецца 260 год, Свята-Мікалаеўскай у Латыгалі – 245. Гэтыя храмы –  помнікі драўлянага народнага дойлідства. Яны ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі –  таксама, як і комплекс у вёсцы Ручыца (Ганута). Царква ў Кастыках адметная яшчэ і тым, што гэта адзіная царква  на Беларусі, якая асвячоная ў імя Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх. 

Летапіс царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Даўгінаве і Успенскай царквы ў вёсцы Ручыца налічваюць амаль паўтара стагоддзя – адпаведна 145 і 135 год.

На выставе прадстаўлены прадметы не толькі з фондаў краязнаўчага музея: таксама перадалі іх на час выставы настаяцелі храмаў.

– Для нас на выставе ўнікальна ўсё: фотаздымкі, абразы, дакументы, царкоўныя рэчы, рызы святароў –  усе тыя прадметы, якія паказваюць і расказваюць гісторыю гэтых старажытных праваслаўных храмаў на Вілейшчыне, –  кажа старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава.

Кожнай царкве прысвечаны свой раздзел. Размясцілі іх па ўзросце  храмаў.

Падчас адкрыцця выставы пра гісторыю кожнага храма расказвалі дырэктар музея Сяргей Ганчар і супрацоўнікі Вольга Коласава, Віктар Тонкавіч, Надзея Аўдзей. І перадавалі слова настаяцелям цэркваў.

Фота Надзеі Аўдзей.

Фота Надзеі Аўдзей.

– Гэта ў нас не першая выстава, прысвечаная храмам. Летась праводзілі выставу да 150-годдзя царквы Прападобнай Марыі Егіпецкай у Вілейцы, – працягвае Вольга Коласава.  – Думаю, гэту працу працягнем і надалей – дзеля вывучэння і знаёмства з гісторыяй храмаў на Вілейшчыне. Бо іх гісторыя непарыўна звязаная з гісторыяй Вілейскага краю. Цесная сувязь царквы і народа была заўжды. Храмы заўсёды з’яўляліся і з’яўляюцца не толькі духоўнымі цэнтрамі, але і цэнтрамі культуры і асветы. 

Працягнецца выстава да 23 красавіка.

 

Фотамастак прапануе прайсціся па слядах Першай сусветнай

У Мядзельскім музеі народнай славы праходзіць фотавыстава “Беларусь. Сляды Першай сусветнай”. На ёй прадстаўленыя працы фотамастака з Пастаў Васіля Белякова.

На выставе можна пабачыць больш за 100 здымкаў абарончых збудаванняў часоў Першай сусветнай вайны, якія захаваліся на тэрыторыі Мядзельскага, Смаргонскага і Пастаўскага раёнаў.

Працягнецца выстава да 9 красавіка.

Выставу падрыхтаваў Васіль Белякоў.

Выставу падрыхтаваў Васіль Белякоў.

Янка Купала і Першая сусветная

У Мядзельскім музеі народнай славы таксама можна пазнаёміцца з выставачным праектам “Я – шлях, якому век няма спакою…”

Праект прысвечаны жыццю і творчасці Янкі Купалы ў гады Першай сусветнай вайны. На выставе дэманструюць стэнды з фотаздымкамі, звесткамі і вершамі класіка беларускай літаратуры. Працягнецца яна да канца красавіка.

Праект гэты – з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Раней яго дэманстравалі ў к. п. Нарач (Купа) падчас міжнароднай навукова-гістарычнай канферэнцыі “Нарачанская аперацыя 1916 года: гісторыя і сучаснасць”.