У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі 25 сакавіка адбылася прэзентацыя гісторыка-батальнай карціны, прысвечанай 100-годдзю Нарачанскай аперацыі. Стварыў яе малады мастак Уладзімір Сайко.
Падчас прэзентацыі карціны наведнікі маглі пагрузіцца ў атмасферу Першай сусветнай вайны – галоўным арганізатарам праграмы стаў ваенна-гістарычны клуб “Рубеж” з Брэста. Можна было пабачыць фотаздымкі з месцаў падзей фотамастака Андрэя Мацура. Прысутнічалі на прэзентацыі прадстаўнікі Вілейскага краязнаўчага музея, Мядзельшчыны.
Фота забяспечанае Уладзімірам Сайко.
Фота забяспечанае Уладзімірам Сайко.
Праца над карцінай заняла два гады
– Калі набыў свой першы аўтамабіль, то ведаў, што хутка накіруюся на бераг Нарачы, – расказвае Уладзімір. – Калі вандраваў, пабываў у мясцінах баёў, на могілках салдатаў рускай арміі ў вёсцы Чарэмшыцы, дзе ўзвышаецца вялікі дубовы крыж.
З’явілася задума стварыць карціну. Праца над маштабным палатном два на тры метры заняла два гады. Карціна атрымала назву “Сібірскія стралкі”.
– Маляўнічыя мясціны ператварыліся вясной 1916 года ў страшны тэатр мужнасці і адчаю, страху і гераізму, самаахвярнасці і непераадольнага імкнення выжыць – гэта ўсё павінна было быць на карціне, – дзеліцца мастак.
Малады жывапісец правёў сур’ёзнае даследаванне, збіраў дакументы, кансультаваўся з гісторыкамі і ўніфармістамі. Вёў дзённік, у які запісваў усе дэталі аб Другой арміі. Шукаў інфармацыю пра склад палкоў. Вывучаў фотаархівы. Своеасаблівым штуршком стала фатаграфія першага дня аперацыі з архіва Іосіфа Стаброўскага, пра якую расказвала “Рэгіянальная газета”.
Пісаў шмат эцюдаў. Адразу намаляваў, як салдаты і афіцэры ішлі ў атаку з боку возера Нарач ля Занарачы. Але на палатне паказаная 5-я рота 3-га Сібірскага стралковага палка. Менавіта ў яе шэрагах была добраахвотніца з Масквы, сямнаццацігадовая Яўгенія Варанцова. Яна здолела натхніць сваім гераічным прыкладам салдат. Павяла іх у атаку, якая стала для дзяўчыны апошняй.
Потым у кнізе Генадзя Малышава “Нарачанскае рэха Вердэна” знайшоў, што патрэбны полк удзельнічаў у баях на паўночны захад ад Пастаў. Таму зноў перапрацоўваў твор.
– Карціна – гэта мой унёсак, каб памяць пра Вялікую еўрапейскую вайну не была забытая. Каб Нарачанская аперацыя жыла ў сэрцах як мага больш людзей і асабліва моладзі, – кажа Уладзімір Сайко.