6 красавіка 106-ты дзень народзінаў сустракае славуты беларус, асветнік, навуковец Барыс Кіт.
Некалькі апошніх гадоў Барыс Кіт жыве ў доме састарэлых у нямецкім Франкфурце-на-Майне. Пасля пералому шыйкі сцягна ён перанёс аперацыю, здольнасць хадзіць не вярнулася, ён ездзіць на інвалідным вазку.
Напярэдадні 106-га дня народзінаў карэспандэнту Свабоды ўдалося пагутарыць з Барысам Кітом па тэлефоне.
– Барыс Уладзіміравіч, найперш скажыце, як вы сябе пачуваеце, як здароўе?
– Здароўе моцна пагоршылася, але яшчэ ёсць трохі. Я асабліва не рухаюся, сяджу ў хаце. Не магу хадзіць, карыстаюся возікам. А апекуюцца мною тут нармальна…
– Умовы ў доме-інтэрнаце вам падабаюцца?
– Ужо цяжка сказаць, што мне нешта падабаецца, бо я ўжо стаю на канцы свайго жыцця і хутка мяне ўжо не будзе…
– Як будзеце адзначаць 106 гадоў?
– Людзі будуць званіць, можа, хто-небудзь зойдзе, як заўсёды, буду вельмі рады, калі я яшчэ каго-небудзь цікаўлю… 106 гадоў – гэта вялікі ўзрост. У мінулым я шмат разоў думаў, што памру ўжо. Але не памёр… Я сядзеў у страшэннай нямецкай турме і паміраў штодня, 30 дзён сядзеў у турме ў Глыбокім. Кожны дзень паліцыя забірала ад нас з такой ямы на расстрэл 25 чалавек, пяць заставалася, і я сярод іх. І так 30 дзён, 30 разоў чакаў смерці. Але Бог, відаць, не хацеў маёй смерці. Трэба сказаць, што мяне тады выратаваў Кастусь Касяк, які пайшоў да нямецкага гэбітскамісара і дамогся майго вызвалення праз 30 дзён у турме. Ён быў маім вучнем у Наваградзкай беларускай гімназіі, добрым вучнем. І многім беларусам ён тады дапамог вызваліцца з нямецкіх турмаў. Але калі прыйшлі бальшавікі, то першым яго павесілі…
– Барыс Уладзіміравіч, якія маеце навіны ад вашай сям’і?
– Ёсць навіны. У маёй унучкі месяц таму нарадзілася другое дзіця, хлопчык. Яшчэ адзін праўнук. Гэта прыемная навіна. Уся мая сям’я жыве ў Амерыцы, раскіданая па ўсіх канцах… А нядаўна памерла мая былая жонка Ніна Корсак, пахаваная ў Вашынгтоне. Такія навіны.
– Якія маеце кантакты з Беларуссю, з беларусамі? Землякі звоняць, заходзяць?
– Ціха звычайна, ніхто не прыходзіць. Можа, заўтра, у дзень майго нараджэння, будуць тэлефанаванні.
Апошніх навінаў з Беларусі Барыс Кіт не ведае, не мае магчымасці сачыць. Але ён пазытыўна ацаніў, што летась у Беларусі выпусцілі палітвязняў, што ў грамадзтве стала больш запатрабаваная беларуская мова:
“Цешуся гэтаму, бо Беларусі належыць свабода”.
У чаканні віншаванняў і зычэнняў з нагоды 106-годдзя Барыс Кіт выказаў і сваё пажаданне беларускім прыяцелям:
“Маё пажаданне адзінае: каб Беларусь стала свабоднай ад усялякіх непатрэбных рэчаў, якія апошнім часам былі”.
“Наша Ніва” паводле Валера Каліноўскага, Радыё Свабода.
Памерла Ніна Корсак – першая жонка Барыса Кіта
Барысу Кіту 105 гадоў: “Будуць іншыя святкаваць, а не я”