На мінулым тыдні стала вядома, што пенсійны ўзрост у Беларусі ўсё ж павысяць. Павышэнне пенсійнага ўзросту да 63 гадоў у мужчын, і 58 – у жанын пачнецца ад 2017 года.  

Але ці дазваляе здароўе беларусам працаваць да 58 і 63 гадоў? І ці запатрабаваныя лю­дзі такога ўзросту на рынку працы? Спрабуем адказаць на гэтыя пытанні.

Па каментар мы звярнуліся да начальніка аддзела ЗАГС Алы Івашкевіч:

– Сярэдні ўзрост лю­дзей, якія памерлі ў 2016 годзе ў Маладзечанскім раёне – 67 гадоў у мужчын і 76 гадоў у жанчын.

У лютым 2016 года сярэдні ўзрост памерлых мужчын – 63 гады.

Што датычыцца мінулага года, то з 1764 памерлых 409 былі працаздольнага ўзросту.

Ала Івашкевіч патлумачыла, што прычыны смерці маладзечанцаў – гэта ў асноўным хваробы.

– З 1122 жыхароў Маладзечна, якія памерлі ў 2015 годзе, прычынай смерці 899 чалавек стала якраз-такі хвароба. 104 чалавекі пайшлі з жыцця па старасці. Яшчэ 30 чалавек загінулі  ў выніку няшчаснага выпадку.

Аднак жыццё на пенсіі, адназначна, не заканчваецца.

У пацвярджэнне гэтаму Ала Генадзьеўна прыводзіць статыстыку шлюбаў, зарэгістраваных у студзені – сакавіку гэтага года.

Са 127 шлюбаў шэсць пар ажаніліся, калі нявестам і жаніхам было больш за 50 гадоў. З іх былі тры пенсіянеркі і адзін пенсіянер.

– У такім узросце людзі жэняцца, як прызнаюцца яны самі, каб не быць у адзіноце. Была пара, якая расказвала, што іх другія палавінкі памерлі ўжо і каб не жыць адным, вырашылі ажаніцца. А яшчэ, – успамінае Ала Івашкевіч, – была пара, дзе жаніх даволі сталага веку не хацеў жаніцца, па ім гэта было відаць. Але калі распісаліся ў дакуменце, ён спытаўся ў сваёй “маладой жонкі”: “Ну што, цяпер ты задаволеная?”

Пенсіянеры едуць у Балгарыю і ў Грузію

Мы патэлефанавалі ў дзве турыстычныя фірмы. Там нам адказалі, што ў сакавіку да іх звярнуліся па два пенсіянеры, замаўлялі турыстычныя пуцёўкі ў Балгарыю, тлумачылі, што там добрыя ўмовы для аздараўлення.

За ўсё лета 2015 года ў турыстычныя фірмы звярнуліся 10 людзей пенсійнага ўзросту. Яны, акрамя тых жа тураў у Балгарыю, замаўлялі турыстычную паездку ў Прагу і Грузію.

Прадстаўнікі турыстычных фірмаў звяртаюць увагу на тое, што калі да  іх звяртаюцца людзі, старэйшыя за 60 гадоў, то гэта працуючыя пенсіянеры.

Цэнтр занятасці: мы не дзелім людзей на пенсіянераў і не

На 1 сакавіка ў Маладзечне зарэгістраваны 1461 беспрацоўны.

Начальнік аддзела занятасці і рынку працы Людміла Пашчук гаворыць:

– Вы ведаеце, якая цяпер сітуацыя склалася на рынку працы не толькі ў Мала­дзечне, але і ва ўсёй краіне. Калі гаварыць пра лю­дзей, старэйшых за 50-гадовы ўзрост, то працу шукаюць 142 мужчыны і 53 жанчыны 50-52 гадоў. 53-54-гадовых мужчын – шукальнікаў працы – 106. Жанчын – 44. У 55-57-гадовым узросце 92 мужчыны хочуць уладкавацца на працу і адна жанчына. Ва ўзросце 58-59 гадоў 42 мужчыны працягваюць шукаць працу.

– На сённяшні дзень, – тлумачыць Людміла Пашчук, – каэфіцыент напружанасці ў Мала­дзечне складае 20 беспрацоўных на адно працоўнае месца. Інакш кажучы,

на 1461 беспрацоўнага прыходзіцца 74 вакансіі.

Але, па словах Людмілы Баляславаўны, ёсць і станоўчыя навіны.

У 2016 годзе за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў у Маладзечне з’явіцца каля 600 новых працоўных месцаў.