Грамадскае абмеркаванне справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе будучага свінакомплексу ля вёскі Соўлава прайшло 1 красавіка ў Беразінскім. Сустрэчу арганізаваў Валожынскі райвыканкам.
Меркаваны свінакомплекс будзе збудаваны на мяжы з Валожынскім раёнам.
Людзей у актавай зале будынка Гарадзілаўскага сельсавета сабралася шмат – усе нават не змясціліся ў памяшканні.
Падчас сустрэчы юрысты і эколагі неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва Маладзечанскага райвыканкама з пытаннем, чаму дазвол на будаўніцтва свінакомплексу быў выдадзены 9 сакавіка, калі грамадскія слуханні прызначаныя толькі на 1 красавіка. Намеснік старшыні выканкама Генадзь Актанаровіч некалькі разоў паўтарыў, што Маладзечанскі райвыканкам не парушыў заканадаўства, выдаўшы дазвол яшчэ да абмеркавання.
Распрацоўшчыца ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і праекта санітарна-ахоўнай зоны Таццяна Фёдарава сцвердзіла, што шкода наваколлю будзе мінімізаваная. У базавую санзону часткова трапляюць чатыры населеныя пункты. Таму санітарна-ахоўную зону скарацілі. Цяпер яна складае ад 1000 м да 950-750 м.
Праекціроўшчык, прадстаўнік ізраільскай фірмы “Агрыка” Аркадзь Юдасін, расказаў, што адначасова на свінакомплексе будуць гадавацца 50-54 тысячы свіней. Па словах Юдасіна, 1,5-2 тысяч гектараў сельгасугоддзяў будзе дастаткова, каб утылізаваць увесь гной. Для гэтага выдзеленыя землі Гарадзілаўскага СВК.
Спецыялісты запэўнілі, што гной у лагунах смярдзець не будзе. Аднак калі яго будуць вывозіць на палі, давядзецца пацярпець.
Сярод скаргаў, якія выказвалі людзі, былі:
- падзенне цэн на нерухомасць;
- непралічаныя дзеянні падчас форс-мажораў;
- інтэнсіўнасць руху транспарту, які будзе абслугоўваць свінакомплекс;
- адсутнасць аб’язных дарог, якія б вялі не праз населеныя пункты.
Таксама казалася пра тое, што не было праведзена ніякіх даследаванняў складу вады ў мясцовых калодзежах. Калі праз некалькі год пасля ўвядзення ў эксплуатацыю свінарніка нехта з жыхароў пачне скардзіцца на дрэнную ваду, ім заўсёды змогуць адказаць – “яна такая і была”.
Жыхарка Беразінскага Наталля Філон заклікала не будаваць свінакомплексаў: мястэчка з усіх бакоў атачае вытворчасць. З аднаго боку ў паўтара кіламетрах плануюць пабудаваць бычнік. Схему размяшчэння вытворчасцяў вакол Беразінскага глядзіце на выяве знізу.
Такім чынам аграгарадок апынецца ў катлаване са шкодных прадпрыемстваў.
Многія выступоўцы, зазначаючы непазбежнасць свінакомплексу, адзначылі прынамсі неабходнасць яго экалагічнасці. Падагульненнем стаў зварот аднаго з выступоўцаў да людзей: “Кожны з вас каштуе больш, чым цэлы статак свіней”.
Поўную версію матэрыяла чытайце ў друкаванай газеце за 8 красавіка.