Андрэй Дударчык добра знаёмы з чытачамі “РГ”. Менавіта ён звычайна распавядаў пра большасць крымінальных здарэнняў у Вілейцы, калі працаваў начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Вілейскага РАУС.

Сёлета, у сувязі з выхадам на пенсію, Андрэй Мікалаевіч кардынальна змяніў вектар сваёй дзейнасці. 1 красавіка ён заняў пасаду начальніка аддзела кінавідэаабслугоўвання насельніцтва Вілейскага раёна.

Ужо тыдзень Андрэй Дударчык працуе на новым месцы. Мы пацікавіліся, як ён сябе адчувае ў новай ролі:

– У мяне ўсё добра. Прывыкаю да новай пасады і новага калектыву. Працуем па старым плане, але з большай актыўнасцю. Будзем імкнуцца вярнуць гледача ў кінатэатр. Ён у нас прыгожы, адрамантаваны, з усімі выгодамі.

– Ці цікавіліся вы кіно раней?

– Кіно – маё жыццё. Справа ў тым, што ў старэйшых класах перада мной была дылема: ці паступаць у тэатральны інстытут, ці ісці вучыцца на ваеннага. Прагматызм перамог, і я пайшоў у ваенныя. У той час гэта прафесія была прэстыжнай і высокааплатнай. На ваенных быў вялікі попыт. Цяпер я і не ведаю, што выбраў бы, калі б зноў давялося выбіраць.

– Самі часцяком хадзілі ў кінатэатр?

– Раней, яшчэ ў стары кінатэатр, часта хадзіў. З фільмамі не расставаўся ніколі, бо з’явіўся інтэрнэт, а з ім – магчымасць глядзець любыя фільмы. Але шкадую пра тое, што апошнім часам не хадзіў у кінатэатр. Цяпер буду навёрстваць. Прытым, што цяпер жа фільмы ў фармаце HD і 3D. Так, вада не ліецца і крэслы не варушацца, але ўсё астатняе ў нас ёсць.

– Ёсць думкі, што можна новага зрабіць у кінатэатры?

– Думак шмат: можна наладзіць паэтычныя вечарыны, праводзіць дыскусійны клуб. Тут гэтак жа, як і з аўтамабілем. Зразумець, добры ён ці не, можна толькі пасля таго, як яго зробяць і пусцяць у ход. Будзем спрабаваць і эксперыментаваць.

– Вам асабіста якое кіно найбольш падабаецца?

– У залежнасці ад настрою. Гумар і сатыра на першым месцы, баевікоў хапае і ў жыцці. Не люблю любоўную лірыку, калі яна зробленая проста і прымітыўна. Вось калі там ёсць глыбіня, калі яна кранае струны душы, тады так, чапляе і захоплівае. Люблю дынамічныя фільмы. Але я не падзяляю фільмы на добрыя і дрэнныя. Я дзялю іх на тыя, што мне падабаюцца і не падабаюцца. Бывае, кажуць, што шыкоўны фільм, а табе ён здаецца звычайным. Ці наадварот, сам рэкламуеш, а табе потым кажуць: “Мы чакалі большага”.

Новая прафесія Андрэю Мікалаевічу падабаецца.

– Прыемна, што мяне заўважылі і запрасілі на гэту пасаду. Мяне цешыць, што цяпер у мяне стваральная прафесія. Я працую для таго, каб у людзей быў добры настрой і пазітыў у жыцці.