Каля 20 гадоў таму мужчыну ўжо прыгаворвалі да смяротнага пакарання, але потым суд прызначыў яму тэрмін, і пазней ён выйшаў на волю.

Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пакінула ў сіле прысуд Генадзю Я., які Мінскім абласным судом быў прыгавораны да расстрэлу, паведамілі Sputnik ў судзе.

Суд не задаволіў скаргу абвінавачанага і пакінуў прысуд Мінскага абласнога суда ў сіле. Згодна з рашэннем суда Генадзь Я. можа звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з прашэннем аб памілаванні.

Агулам Я. быў судзімы пяць разоў – двойчы за забойства, а таксама за групавое згвалтаванне, нанясенне лёгкіх і цяжкіх цялесных пашкоджанняў, нявыплату аліментаў.

Каля года таму ў Вілейскім раёне з асаблівай жорсткасцю была забітая жанчына. Па падазрэнні ў забойстве быў затрыманы яе сужыцель – Генадзь Я. 5 студзеня 2016 году суд Мінскай вобласці прыгаварыў мужчыну да выключнай меры пакарання.

Гэта быў першы смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі ў 2016 годзе.