Шматгадовы кіраўнік узорнага духавога аркестра Фёдар Гур меркаваў спакойна, у сямейным коле, адсвяткаваць свой 60-гадовы юбілей у рэстаране. Але зайшоў туды… і тут нават слова здзівіўся не падыдзе  – быў у абсалютным шоку.

Яго вітаў аркестр, у якім каля сарака яго вучняў розных год. Гучаць фанфары, яму ўручаюць дырыжорскую палачку і кажуць: “Дырыжыруйце”. І як заўжды, з яго вуснаў злятае пытанне: “Што іграем?”

Гэткі сюрпрыз падрыхтавалі для Фёдара Міхайлавіча яго вучні. Сабраліся  яны з розных куткоў Беларусі і Расіі.

Фота Рамана Ягорава.

Фота Рамана Ягорава.

– Перад юбілеем вучні пачалі перапісвацца ў сацыяльных сетках і вырашылі сабрацца. Раздабылі інструменты, сабралі аркестр, – расказвае адзін  з першых удзельнікаў аркестра завода “Зеніт” Лявон Куксіновіч. – І галоўнае, што да апошняга моманту Фёдар не ведаў  пра гэта.

Удзельнікі сустрэчы. Фота Рамана Ягорава.

Удзельнікі сустрэчы. Фота Рамана Ягорава.

А марыў стаў лётчыкам

Родам Фёдар Гур з вёскі Агароднікі ля Слуцка. Калі скончыў восьмы клас  вясковай школы, пайшоў у школу ў Слуцку. Спяваў у самадзейнасці, захапляўся спортам: гуляў у футбол і хакей.  

Марай хлопца стала авіяцыя. Тым больш, перад вачыма быў прыклад –  сваяк быў камандзірам дывізіі знішчальнай авіяцыі. 

Але ў авіяцыю Фёдар не трапіў па стане здароўя і пайшоў у войска.  Пасля яго паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча на духавое аддзяленне. Вучыцца даводзілася шмат, з удзячнасцю ўспамінае  Івана Сцяпанавіча  Сушкевіча і ўсiх выкладчыкаў вучылішча.

“Мае вучні – яны мае дзеці”

Падчас вучобы ажаніўся: жонка Ала таксама вучылася ў музычным вучылішчы. Маладую сям’ю накіравалі ў Будслаў на Мядзельшчыне, дзе стаў дырэктарам музычнай школы.

Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму жонкі – у Вілейку. Фёдар становіцца кіраўніком духавога аркестра завода “Зеніт”. Стаў падбірацца добры калектыў з работнікаў завода і іх дзяцей. Вучыў іх і нотнай грамаце, і іграць на інструментах.  

У 1989 годзе ён стаў кіраўніком духавога аркестра музычнай школы. Сюды перайшлі шэраг удзельнікаў зенітаўскага аркестра.

Праз шэсць год аркестр атрымлівае званне ўзорнага.

–   Канцэрт адбыўся ў Палацы культуры, зала была паўнюткая. І так цудоўна прымалі гледачы, – успамінаюць удзельнікі.

І ў Фёдара Гура, і аркестра – багата ўзнагарод. Аркестр станавіўся лаўрэатам мноства абласных, рэспубліканскі і міжнародных фестываляў і конкурсаў.

А для гэтага шмат высілкаў трэба было і ад кіраўніка, і ад вучняў. Тыя, хто хацеў стаць прафесіяналам, прыходзілі займацца дадаткова. Прыязджалі на рэпетыцыі хоць раз на тыдзень і тыя, хто вучыўся ў маладзечанскім вучылішчы.

– Мае вучні – яны мае дзеці. Я пра гэта шчыра ім гавару, і яны пра гэта ведаюць, – кажа Фёдар Гур.

 Многія з вучняў паступілі ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы у Маладзечне, Мінску. Потым некаторыя працягнулі навучанне за мяжой.

– Для вучняў Фёдар Міхайлавіч – сапраўдны аўтарытэт. Найперш, ён цалкам захоплены музыкай. Вучням па яго прадмеце рэпетытары не былі патрэбныя, бо вельмі добра падрыхтаваныя. Ён дзяцей не проста вучыць музыцы, але і выхоўвае, перажывае за іх. І галоўнае, чалавек ён прыстойны – такі, які не здрадзіць, – дзеліцца Лявон Куксіновіч. –  Ён разбіраецца не толькі ў духавой музыцы. На “Зеніце” і з калектывамі мастацкай самадзейнасці працаваў, даводзілася займацца ўсім.

Сын стаў саксафаністам

Сваім дзецям Фёдар Гур казаў: “Музыкантамі можаце не быць, але музычную школу павінны скончыць”. І лічыць, што кожны мусіць атрымаць музычную адукацыю, каб лічыцца паўнацэннай асобай.

Яго сын Саша пасля пяці год навучання на гітары стаў займацца на саксафоне. Праз пару год сказаў, што без музыкі сябе не бачыць. Урэшце стаў прафесійным саксафаністам.

У цэнтры Фёдар Гур, злева направа  Антон Ягораў, Мікіта  Мяцельскі, Аляксандр Гур. Фота Рамана Ягорава.

У цэнтры Фёдар Гур, злева направа Антон Ягораў, Мікіта Мяцельскі, Аляксандр Гур. Фота Рамана Ягорава.

Дачка Таццяна таксама скончыла музычную школу, але прафесію выбрала з музыкай не звязаную. А цяпер унучка Насця займацца ў дзядулі.

… Уражанні ад прыгожага сюрпрызу вучняў у Фёдара Гура і дагэтуль не памерклі:

– Гэта нейкая фантастыка! Я быў так узрушаны. Лічу, што гэта самая вялікая ўзнагарода, якую чалавек можа атрымаць у жыцці ад сваіх вучняў.