Маладзечанская бібліятэка адкрыла Дні польскай культуры, якія праводзяць супрацоўнікі залы літаратуры на замежных мовах.

Першы дзень, 31ё сакавіка, быў прысвечаны польскай кухні, якая з’яўляецца часткай культуры польскага народа, яе гісторыі традыцый і глабалізацыі. Аб нацыянальных традыцыях палякаў, пра асаблівасці польскай кухні і таямніцы падрыхтоўкі самых вядомых страў даведаліся навучэнцы 305 групы гандлёва-эканамічнага каледжа.

Яны не толькі даведаліся пра стравы, але і самі рабілі польскую салату пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў залы літаратуры на замежных мовах Таццяны Летуновой і Ларысы Берташ. Галоўнымі кухарамі сталі Уладзіслаў Бурко і Дзмітры Казакевіч, а іх актыўным памочнікам стаў Аляксандр Стэфановіч.

У хлопцаў усё атрымалася. Яны самі сервіравалі стол і атрымалі пачастунак “Польскі пірог” ад бібліятэкараў залы літаратуры на замежных мовах і піражкі ад бібліятэкара гандлёва-эканамічнага каледжа.

Бібліятэкары правялі віктарыну. Найбольш балаў набраў Дзяніс Пахом. Пераможца віктарыны і самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі ў падарунак кнігі з рэцэптамі краін еўрапейскай кухні.

Гісторыя Польшчы наклала свой адбітак на кухню. Палякі як жыхары Паўночнай Еўропы аддавалі заўсёды перавагу кухні багатай і сытнай, а яшчэ крыху салодкай. Пасля таго як каралём у 1333 годзе стаў Казімір, сын чэшскай дынастыі, адбыліся змены і ў польскай кухні. Кароль, закахаўшыся ў прыгожую яўрэйку, дапусціў, што ў Польшчу з усёй Еўропы пачалі перасяляцца гнаныя яўрэі.

Паступова поль­скі народ пераняў і цэлы шэраг яўрэйскіх страў, мадыфікаваных на свой лад.

Сярод такой ежы – фаршыраваная рыба з вынятымі косткамі, фаршыраваная гусіная шыйка. Многія стравы пад уплывам яўрэйскай кухні палякі гатуюць на гусіным, а не на свіным тлушчы.

Элементы італьянскай кухні прыйшлі ў поль­скую пасля таго, як кароль Жыгімонт I ажаніўся ў 1518 годзе з Бонай з міланскага роду Сфорца. Магчыма, тут і трэба шукаць карані прыхільнасці жыхароў Польшчы да салодкіх кандытарскіх страў. Суседства Польшчы з Прусіяй дапамагло распаўсюджванню і вырошч­ванню бульбы.

Палякі прыдумалі, напрыклад,  бульбяную запяканку. Дзякуючы сувязям з Францыяй яшчэ напалеонаўскіх часоў, у Польшчы ўвайшоў у моду стыль рафінаваны і элегантны.

Палякі любяць прыгатаваць у гарачыя летнія дні халодныя супчыкі з клубніц і чарэшні, яблыкаў і груш ці лясных ягад.

Палякі не прамінуць прыгатаваць і такую любімую ежу, як бігас, чыя назва атрыманая ад лацінскага выразу і азначае “два смакі”.

Складаны смак у стравы атрымаўся ад злучэння свежай капусты з кіслай.

Салата з гародніны

Склад: 4 морквы, 2 корані пятрушкі, 3 бульбіны, 1 корань сельдэрэю, 6 салёных агуркоў, 5 адварных яек, 1 слоік зялёнага гарошку, 2 яблыкі, 1 сталовая лыжка гарчыцы, 6 сталовых лыжак маянэзу, соль, перац.

Карані, бульбу, яйкі і моркву варым, чысцім, рэжам кубікамі. Салёныя агуркі таксама рэжам кубікамі. Дадаём парэзаныя яблыкі.

Запраўляем маянэзам і гарчыцай. Солім і перчым. Ставім у халадзільнік на гадзіну. Пры падачы ўпрыгожваем зелянінай.