Пра вядомага скульптара з нагоды юбілею гавораць яго блізкія.
11 красавіка дзень народзінаў святкуе і брат спадара Уладзіміра мастак выкладчык цымбалаў Юры Церабун. Ён старэйшы на два гады.
Брат
– Два гады таму мы разам ездзілі па Гарадзеншчыне і глядзелі ўсе тыя аб’екты, якія ён пабудаваў. Больш за паўтары тысячы кіламетраў праехалі за тыдзень. Такога цуда я яшчэ не бачыў! Наколькі творы ўпісваюцца ў наваколле – па велічыні, па памеры. Глядзіш – і душа радуецца. Ні за адзін твор не сорамна. Ён зрабіў столькі ўсяго, што не хопіць газетнай старонкі, каб усё пералічыць. Прычым знайшоў у сабе сілы зрабіць альбомы, арганізаваць тое, што пакіне ў спадчыну.
Брат шмат займаецца дабрачыннасцю, дапамагае многім. Думае пра іншых людзей. Ён чалавек высокай культуры, самаахвярны і неверагодна працаздольны.
Некалі так сказаў: “Не магу дачакацца раніцы, каб пачаць працаваць”.
Ён вялікі арганізатар і чалавек слова. У яго кожная хвіліна на ўліку.
Мы разам хадзілі ў сярэднюю школу №1 у Смаргоні, абодва займаліся музыкай, выяўленчым мастацтвам, фатаграфіяй… Няма такой галіны ў мастацтве, якой бы ён не кранаў. І кампазітар, і рамансы складае, і балалайкай валодае, і цымбалы стаяць у хаце, і на гітары штодзень займаецца, спявае, вершы піша, артыкулы… Вельмі таленавіты чалавек.
Я ганаруся тым, што ты мой брат і цудоўны сябар!
Дачка
Наталля Церабун, дызайнерка.
– Такія людзі, як мой бацька, вельмі рэдка сустракаюцца ў жыцці. Унікальная асоба. Складана казаць пра нейкія яго якасці паасобку. Ён вельмі добры, спагадлівы, усё сваё жыццё робіць штосьці для іншых.
Мой бацька адрозніваецца ад усіх. Ён творчы чалавек і творча падыходзіў да майго выхавання.
Калі мне хацелася домік для лялькі, ён рабіў з гэтага цэлы праект. Чарціў, ствараў макет, укладваў туды ідэю. Ён не шкадаваў на гэта часу і рабіў усё вельмі творча. Праектаваў мэблю, рабіў так, каб дзверы адчыняліся і зачыняліся. І ўсё аўтарскае, такога нідзе не было. Я была ў неверагодным захапленні!
Менавіта ён, калі я была маленькая, заўважыў у мяне асаблівыя здольнасці да малявання. Менавіта ён вырашыў, што гэтую здольнасць трэба развіваць. Ён абраў для мяне прафесію і прасачыў, каб я пайшла правільным шляхам.
Цяпер я дарослая і магу сказаць велізарны дзякуй яму за гэта! Ён не памыліўся і выбраў лепшае для мяне. Тое, што мне падабаецца і што я ўмею рабіць.
Мемарыяльны комплекс на месцы вёскі Дальва ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці, дзе 19 чэрвеня 1944 года нямецкія акупанты спалілі 44 жыхароў.
Сябры
Мікалай Апіёк, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, мастак-жывапісец.
– Я заўсёды, як толькі мог, падтрымліваў гэтага таленавітага чалавека.
Валодзя заўсёды аб’ектыўны і шчыры, яму можна даверыцца. У яго ёсць вельмі важная рыса: заўсёды дапамаць людзям, не толькі блізкім. Пра яго можна гаварыць і як пра чалавека, і як пра скульптара, і як пра грамадзяніна.
Ён цудоўны скульптар, у яго безліч найцікавейшых работ, але яшчэ і вельмі адораны музычна. Калісьці іграў і спяваў перад дэлегацыяй у Гродне, і хтосьці са слухачоў тады сказаў: “Калі б вы пайшлі ў музыку, то атрымалі б большую славу”.
Уладзімір Мішчанчук, заслужаны артыст Беларусі, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску.
– Ён – мая маладосць, маё юнацтва. Нашы сустрэчы былі творчымі і непаўторнымі. Ён узначальваў у Гродне аб’яднанне мастакоў. Вылучаўся як асоба, як чалавек, які разумее, дзеля чаго жыве і што ад гэтага жыцця хоча. У яго было творчае натхненне.
Я добра ведаю яго дыпломную працу, мемарыяльны комплекс “Дальва”. Мяне вельмі кранае помнік загінулым пры выкананні службовага і воінскага абавязкаў супрацоўнікам міліцыі “Крылатая”, зроблены ў суаўтарстве з Крахалёвым. Работа “Ветразь” каля турыстычнага гатэля ў Гродне, манументальная скульптура “Атака” ў Слуцку, “Свіцязянка” на Наваградчыне. А што казаць пра “Расстраляную песню”, якую я ўвогуле лічу адным з найвышэйшых яго дасягненняў! І шмат іншых, што я буду пералічваць, калі кожны яго твор цудоўны.
Я вельмі беражліва стаўлюся да керамічных вырабаў, якія ён мне падарыў.
Мы з Валодзем аднагодкі, і мне ўжо таксама хутка святкаваць такую ж дату, таму я хачу пажадаць яму трымацца яшчэ доўгія гады, каб не супакойваўся, каб заўсёды быў порах у парахаўніцы, каб заўсёды ішоў далей.
Я захапляюся ім і як асобай, і як творцам, і як музыкам. Я лічу, што на такіх людзях і трымаецца будучыня нашага мастацтва. Такія людзі, як ён, сцвярджаюць права на жыццё і ўвасабляюць яго ў творах.
Я і мая сям’я, мы цябе любім, памятаем і спадзяёмся на новыя творчыя сустрэчы. Віншуем!
Кампазіцыя “Свіцязянка” на возеры Свіцязь.
Вучаніца
Марына Чайко, кандыдат мастацтвазнаўства.
– У дзяцінстве любіла гартаць старонкі фотаальбома “Гродна”. На адным з разваротаў быў здымак Уладзіміра Васільевіча Церабуна ў яго скульптурнай майстэрні. Як цяпер памятаю фрагменты драўлянай скульптуры, аркушы з эскізамі… Гэты фотаздымак я ўспрымала як нейкі чароўны свет мастацтва. Прайшоў час, і так здарылася, што менавіта той самы мастак з фотаальбома стаў маім настаўнікам у гады майго навучання ў Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.
За доўгія гады сваёй прафесійнай адукацыі я сустрэла шмат мастакоў-педагогаў, мастацтвазнаўцаў, людзей творчых, цікавых, да і сама зараз знаходжуся ў асяродку выкладчыкаў творчых прафесій і з упэўненасцю магу сказаць: Уладзімір Васільевіч – выключны настаўнік. Немагчыма было прыйсці да яго на заняткі і працаваць без апантанасці. Кожны дзень быў непаўторны. Выключная арганізаванасць навучальнага працэсу, цікавыя кнігі, размовы аб мастацтве, адным словам, чароўны свет мастацтва стаў рэальнасцю.
Цяжка сказаць, як склаўся б мой лёс без майго паважанага настаўніка. Пасля мастацкага вучылішча навучанне ў Акадэміі мастацтваў, а потым і праца над дысертацыяй. Манументальная скульптура стала нашым адзіным лёсам.
Уладзімір Васільевіч – таленавіты мастак, чалавек высокіх маральных прынцыпаў, чуйны, справядлівы і бязмежна ўлюбёны ў мастацтва. Дзякую лёсу за нашу сустрэчу.
Школа
Расціслаў Шчасны, настаўнік гісторыі СШ №1 Смаргоні, заслужаны настаўнік Беларусі, кандыдат педагагічных навук.
– Уладзімір Васільевіч быў у нас у школе літаральна на мінулым тыдні. Ён часта завітвае да нас, сустракаецца з вучнямі і настаўнікамі. Сустрэчы гэтыя заўсёды цікавыя, творчыя, бо ён жа таксама артыст. Рамансы любіць, цудоўны верш можа зарыфмаваць. Калі сустракаецца з дзецьмі, гаворыць, каб старанна вучыліся, каб пакінулі след, ніколі не забываліся пра родныя мясціны.
Ён шмат дапамагае школе, не шкадуе на гэта свайго часу. З ім звязаныя самыя цёплыя ўспаміны. Добра вучыўся, любіў маляваць.
Уладзімір Васільевіч быў і на юбілеях школы. Гэта чалавек з вялікай літары. І інжынер, і будаўнік, і скульптар, і архітэктар.
Найлепшыя пажаданні яму, нашаму вучню і нашаму гонару!
Даведка “РГ”. Уладзімір Церабун. Скульптар, ганаровы грамадзянін Смаргоні, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся 11 красавіка 1946 года ў вёсцы Несцяняты на Смаргоншчыне. Скончыў СШ №1 у Смаргоні. Ад 1965 да 1968 года служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне скульптуры. У 1977 годзе прыняты ў сябры Беларускага саюза мастакоў.