Падчас конкурсу “Раскажы пра свой рамонт” школьнікі атрымалі не толькі падарункі, але і знайшлі новых сяброў.
У конкурсе, арганізаваным “РГ” з падтрымкай спонсараў, было чацвёра ўдзельнікаў. Адна маладзечанка і адна мінчанка прапанавалі на суд наведнікаў нашага сайта свае спальні. А да іх далучыліся не толькі вучні Ільянскай сярэдняй школы, але нават Шарсцінскай Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.
У галасаванні паўдзельнічалі 323 галасы. Па яго выніках перамаглі вучні з Гомельшчыны. Але яны палічылі, што будзе складана скарыстацца прызамі з Павілля і вырашылі перадаць свае падарункі школьнікам з Ільі. Гэтым яны выказалі салідарнасць і ўзаемасувязь паміж школамі.
Таму на падсумаванне вынікаў конкурсу за “круглым сталом” у рэдакцыі сабраліся спонсары і ільянцы – вучаніцы 4 класа Юля Каржэвіч і Юля Ярашонак, а таксама бібліятэкарка Наталля Шабуня.
Заснавальнік ТАА “Саюра” Аляксандр Мядзелка і дызайнер-канструктар студыі мэблі “Інтэк” Ірына Казановіч уручылі сертыфікаты на скідку на прадукцыю ў сваіх фірмах. Сертыфікат ад ІП Таццяны Бойкі ўручыла спецыяліст па рэкламе “РГ” Жанна Горбань.
У размове за чаем Ірына Казановіч распавяла, што пакупнікі не заўсёды добра ўяўляюць, якім бачаць вынік рамонту. Таму для іх вельмі дарэчы паслуга 3D-мадэлявання, якую іх кампанія прапануе бясплатна. Аляксандра Мядзелку папрасілі падзяліцца сакрэтам добрых вокнаў. Ён параіў не гнацца за самымі таннымі цэнамі, таму што такія вокны могуць пакідаць моцны пах пластыку.
А дзяўчынак мы папрасілі памарыць, якім бы яны зрабілі свой клас, калі б мелі чароўную палачку. Юля Ярашонак уявіла ружовыя сцены, якія б не калоліся, і паліцу, на якой бы было шмат цікавых кніжак. Юля Каржэвіч загадала новы стол для класнай кіраўніцы Таццяны Максімовіч.
Наталля Шабуня адзначыла, што спатрэбяцца падарункі, хаця б у той жа бібліятэцы.
Арганізатары конкурсу, работнікі “Рэгіянальнай газеты”, палічылі, што салідарнасць школ у гэтым конкурсе можа перарасці ў сапраўднае сяброўства паміж вучнямі. А каб сімвалічна замацаваць гэта, падарылі ў клас ільянскіх вучняў гадзіннік. Такі самы мы перададзім у Шарсцінскую школу на Гомельшчыне, каб дзеці маглі звяраць паміж сабой час.
– Добра было б сустрэцца з тымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія перадалі нам прызы, – адзначыла Юля Ярашонак.
І сапраўды, магчыма, “РГ” зможа адшукаць спонсараў, якія дапамаглі б здзейсніць такую сустрэчу і падтрымаць знаёмства паміж дзецьмі з розных куткоў краіны, якія пазнаёміліся зусім выпадкова. Шаноўныя чытачы, ці ёсць сярод вас тыя, хто далучыўся б да такой добрай справы? Калі так, то званіце ў рэдакцыю на нумар: (80176) 74-71-00.
Ільянцы перадаюць прывітанне
Зварот-прывітанне да вучняў Шарсцінскай школы Веткаўскага раёна:
“Дарагія сябры! Мы вельмі рады, што “Рэгіянальная газета” пазнаёміла нас з вамі, няхай сабе і завочна. Мы ўпэўненыя, што вы добрыя, разумныя і вясёлыя. А яшчэ любіце сваю школу. Вы так цікава расказалі пра яе, што ў некаторых з нас нават з’явілася жаданне прыехаць да вас і паглядзець усё “ў жывую”. Вялікі вам дзякуй за тое, што ўсе падарункі вы перадалі нашай школе.
Гэта, канешне, радасна, але ёсць і пачуццё няёмкасці: усё ж вы, а не мы занялі першае месца.
І мы сапраўды шкадуем, што ў вас не атрымалася прыехаць. Паверце, у нашым рэгіёне ёсць на што паглядзець. А яшчэ тут працуе таленавіты і пазітыўны калектыў – рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты”. З удзячнасцю і цеплынёй, вучні Ільянскай сярэдняй школы імя Грымаця.