12 красавіка стартаваў сайт Zhygamont.by, на якім будуць з’яўляцца новыя выпускі папулярнай краязнаўчай праграмы.

“Падарожжа дылетанта” было адной з самых пазнавальных перадач тэлебачання. Гэтаму спрыяла глыбіня прапрацоўкі матэрыяла і пазнавальны вобраз вядучага-дзівака, створаны акцёрам Юрыем Жыгамонтам.

Доўгі час “Падарожжы” выходзілі на БТ, пакуль праграму не зняў з эфіру тагачасны кіраўнік дзяржтэлерадыёкампаніі, сумнавядомы Юрый Азаронак. “Да лютага 2015 “Падарожжы дылетанта” паказвалі па СТБ, але вось ужо год праграма не выходзіць, – кажа спадар Жыгамонт. – Між тым, яна запатрабаваная. Мне тэлефануюць людзі, пытаюцца, шукаюць выпускі пра свае мясціны”.

Каманда “Падарожжа” складаецца ўсяго з чатырох чалавек: сам вядучы, ён жа аўтар канцэпцыі і сцэнарыя, аператар, рэдактар і кіроўца. “Такім складам мы можам рабіць адну паўнацэнную перадачу на тыдзень”, – кажа спадар Жыгамонт.

12 красавіка на сайце з’явіўся новы выпуск “Падарожжа”. Дылетант і яго сябры выправіліся ў вёску Тракелі Воранаўскага раёна, слаўную старажытным касцёлам Дабравесця.

Праз тыдзень будзе вандроўка ў Шчэчыцы Мастоўскага раёна з парэшткамі кампліцы Ябланоўскіх, якая памятае скон Рэчы Паспалітай.

“Мы стараемся ездзіць туды, дзе ёсць пагроза знікнення помнікаў нашага мінулага. Зафіксаваць пэўную шляхецкую сядзібу, пэўныя падмуркі, пакуль не разабралі на дровы ці не ссунулі бульдозерам. Здымаем, каб памяць пра іх засталася”, – кажа спадар Жыгамонт.

Сваім папярэднікам каманда “Падарожжа” лічыць навукоўца і папулярызатара беларускай даўніны ХІХ ст. Адама Кіркора.

Яны цытуюць яго словы: “Беларусь – край магіл, курганоў, гарадзішчаў, гарадкоў, урочышчаў, замкаў, замкавішчаў, – край, дзе ледзь не на кожным кроку вы сустрэнеце сляды мінулага ў помніках, паданнях, песнях”.

На сайце будуць не толькі новыя выпускі перадачы – стваральнікі збіраюцца запампаваць туды ўвесь шматгадовы архіў “Падарожжа”.

Кожны краязнавец і настаўнік зможа скарыстацца гэтым скарбам.

Прадугледжаны і інтэрактыў.

“Цяпер кожны школьнік можа на мабільнік зняць сюжэт пра свае мясціны. Будзем заклікаць прысылаць іх нам, ставіць на сайт.

Пра найцікавейшыя самі паедзем рабіць перадачу”, – кажа спадар Жыгамонт.

Такім чынам, Дылетант вяртаецца, ён зноў у дарозе і можа неўзабаве завітаць да вас!