У кнізе эсэ Тані Скарынкінай смаргонскія легенды і сны, галасы сваякоў і штодзённыя дробязі. А яшчэ тут шмат Чэслава Мілаша і крыху Элвіса Прэслі – бо менавіта гэтак зборнік і называецца. Прэзентавалі яго ў кнігарні “ЛогвінаЎ”.

Тэксты, што ўвайшлі ў кнігу, цягам года выходзілі на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі”. Паэтка Таня Скарынкіна пачала пісаць у празаічным жанры праз сваю цікаўнасць да звыклых жыццёвых дробязяў. Яна любоўна збірае пачутыя размовы, уласныя ўражанні ды сплятае з іх тэксты на мяжы эсэістыкі, дзённіку і прозы.

“Тое, што мяне атачае, што распавядае мама, што я гляджу – фільмы, перадачы, людзі, усё раптам аказалася патрэбнае і не пустое”, – распавядае пісьменніца.

Таня доўга жыла ў Партугаліі, але вярнулася ў родную Смаргонь. Таму на рэчы яна глядзіць праз свой смаргонскі космас, а кніга населеная суседкамі, братамі, цёткамі, кожны з якіх распавядае неверагодныя, гераічныя, вусцішныя ды проста жыццёвыя гісторыі. Запісаць іх, лічыць Таня, вельмі важна.

Праўда, радуецца, што ў Смаргоні кніга прадавацца не будзе, ды не хоча, каб яе прачытала мама, размовы з якой даслоўна перададзеныя шмат у якіх эсэ.

“Яна столькі ўсяго ведае, у яе добрая памяць і багаты досвед. І шмат гадоў ёй – 82 ужо. І я магу толькі размаўляючы з мамай пісаць і пісаць тэксты, разглядаючы з ёй старыя фотаздымкі. Яна пра кожную сукенку можа цэлы тэкст надыктаваць”, – кажа літаратарка.

Таня Скарынкіна працягвае свае нататкі – цяпер яны выходзяць на сайце радыё “Свабода”.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, Белсат.