Усё адбылося вечарам нядзелі 10 красавіка. Крыніца Onliner.by сцвярджае, што Аляксандр размаўляў з бацькамі ў 19:30, а ўжо ў 21:15 паступіў званок з часці і ім паведамілі пра смерць сына.

Таксама было сказана, што на апазнанні бацькі ўбачылі пакрытае гематомамі цела і траўмы галавы. Пацвердзіць гэтую інфармацыю ў саміх сваякоў не ўдалося. Але факт смерці вайскоўца тэрміновай службы пацвердзілі адразу некалькі крыніц. У Міністэрстве абароны кажуць пра іншыя абставіны.

“Усе апісаныя вамі абставіны не адпавядаюць рэчаіснасці (пытанне стаяла аб траўмах і магчымым крымінальным аспекце). Учынак вайскоўца не звязаны з праходжаннем ваеннай службы, — распавялі ў прэс-службе Мінабароны. — Таму з этычных меркаванняў мы ніякіх каментароў не даём”.

Яшчэ адна крыніца распавяла, што сярод вайскоўцаў ходзіць версія пра самагубства.

Аляксандр прызываўся з Маладзечна летась увосень. Службу праходзіў у войсках радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны ў Старых Дарогах. Учора адбылося пахаванне.

“Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці праводзіцца праверка па факце смерці вайскоўца тэрміновай службы, распавёў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. Адна з версій здарэння  суіцыд з-за праблем асабістага характару. Праведзены агляд месца здарэння, апытаныя службовыя асобы, вывучаюцца абставіны праходжання службы”.

Таксама вывучаюцца асабістыя рэчы, сярод якіх мабільны тэлефон і перадсмяротная запіска. Прызначаныя экспертныя даследаванні, у тым ліку судова-медыцынская і почырказнаўчая экспертызы.
Onliner.by.