Жыхары дома №60 па Вялікім Гасцінцы, абураныя тым, што будоўля новага дома зрабіла жыццё ў іх двары невыносным, сустрэліся са старшынёй Маладзечанскага райвыканкама Аляксандрам Яхнаўцом і іншымі чыноўнікамі.

Сярод пытанняў, якія агучвалі жыхары:

 – З-за будоўлі давялося перанесці сметніцу пад самыя вокны. Ці можна перанесці яе на большую адлегласць?

– Ці можна зрабіць праезд у двары скразным?

– Ці можна зрабіць невялікую пляцоўку для дзяцей і паркоўку хаця б на некалькі месцаў?

– Жыхары першых паверхаў, у якіх няма балконаў, пыталіся, дзе ім сушыць бялізну.

Калі ж нехта з дзяржслужачых абмовіўся, што насупраць жа ёсць парк, адна актыўная жыхарка ўсклікнула:

– Вы прапануеце мне ў парку развесіць вяроўкі і сушыць бялізну і трусы там?

Акрамя Аляксандра Яхнаўца на сустрэчу прыйшлі намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Вадзім Цар, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Алег Хлебавец, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Святлана Хрусталёва, дырэктар “Інстытута Маладзечнапраект” Анатоль Пракапенка, дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксей Нагіх, дэпутат Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Юры Крывенькі.  

Сустрэча доўжылася каля паловы гадзіны. Мясцовыя жыхары правялі Аляксандра Яхнаўца па сваім двары, выказалі прэтэнзіі.

– Пакажыце пальцам, куды вам перанесці сметніцу, – прапанаваў старшыня Маладзечанскага райвыканкама.

Жыхары ўказалі месца.

– З гэтым пытанне вырашанае.

– Але планам будаўніцтва тут прадугледжаны праезд будаўнічай тэхнікі, – спрабаваў спрачацца Аляксей Нагіх.

– З гэтым пытанне вырашанае, – паўтарыў Аляксандр Яхнавец.

На развітанне старшыня райваканкама абяцаў цягам тыдня разабрацца ў сітуацыі і паведаміць жыхарам пра сваё рашэнне.

“Рэгіянальная газета” будзе сачыць за тым, як будуць разварочвацца падзеі і паведаміць пра адказ уладаў у бліжэйшым нумары газеты.

У пятнічным нумары ад 15 красавіка чытайце пачатак гісторыі таго, як жыхары змагаюцца за свой двор і што на гэта адказваюць чыноўнікі.