Роўна год таму нечакана для блізкіх і знаёмых пайшоў з жыцця Пётр Міхайлавіч Цыгалка.

Ён быў чалавекам невычэрпнай энергіі, гатовы прыйсці на дапамогу ўсім, каму яна была патрэбная; цікавіўся гісторыяй свайго краю і людзьмі, дапамагаў адшукаць карані сваім аднавяскоўцам.

Пры дапамозе Пятра Міхайлавіча на старонках “Рэгіянальнай газеты” чытачы маглі пазнаёміцца са шматлікімі публікацыямі пра гісторыю яго роднай Мільчы, навакольных вёсак, пра Даўгінава падчас Галакосту.

У планах была серыя публікацый пра нашых землякоў у Сібіры, продкі якіх выехалі больш за сто гадоў таму ў пошуках лепшай долі або кавалка хлеба. Кур’яновічы, Цыгалкі, Судніковічы, Бурсевічы, Аксючыцы, Пачарнеі, Асаёнкі, Станькі, Паўтаракі – прозвішчы, якія сустракаюцца ля Мільчы і ў сібірскіх вёсках Паўлаўка, Калінаўка, Андрэеўка,  Аляксандраўка, Мугун Цюменскай вобласці… Ён знайшоў сібіракоў, якія прасілі Пятра Цыгалку весці далейшыя пошукі, бо заўсёды адчувалі сябе беларусамі, але праз час сувязь з радзімай пачынала губляцца. І новай нітачкай, за якую яны маглі ўхапіцца, была перапіска і штодзённыя кантакты ў інтэрнэце праз Пятра Міхайлавіча.

На вялікі жаль, гэтую работу так, як яе рабіў Пётр Цыгалка, ніхто ўжо не зробіць.

Мы будзем заўжды ўдзячныя Пятру Міхайлавічу за яго душэўнасць, клопат пра кожнага, высокамаральныя чалавечыя якасці і настойлівасць у дасягненні пастаўленых ім высакародных мэт. Нам яго не хапае.