На вуліцы цеплыня, таму можаце смела рушыць у дарогу. На гэты раз накіруемся ў горад, які ўжо некалькі стагоддзяў мае сваю сакральную жывёліну, з’яўляецца малой радзімай абаранкаў, па легендзе, мае падземны ход да Крэва і Вільні. Рушым у Смаргонь.

Старажытная назва Смаргоні – Смургоні. Паводле іншай версіі, першыя жыхары Смаргоні гналі дзёгаць з выкарчаваных пры распрацоўцы дзялянак пнёў, так званых смар ці смураў. Адсюль і назва прафесіі мясцовых жыхароў – “смарогоны” ці “смургоні”.

Уладальнікамі Смаргоні былі Дэспаты

Фота забяспечана воляй Трубач.

Фота забяспечана воляй Трубач.

Першымі ўладальнікамі Смаргоні былі Зяновічы, або Дэспат-Зяновічы. Гэта  былі буйныя землеўладальнікі, якія ў 15-17 стагоддзях займалі дзяржаўныя пасады ВКЛ. Прыстаўка “Дэспат” узнікла ў канцы 17 стагоддзя, калі з’явілася легенда пра паходжанне Зяновічаў ад сербскіх дэспатаў.

Сербская дэспатыя – дзяржава, якая існавала на Балканскім паўвостраве ў 15-16 стагоддзях і стала апошняй сербскай дзяржавай, якая ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.

Герб першых уладальнікаў Смаргоні Зяновічаў. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Герб першых уладальнікаў Смаргоні Зяновічаў. Фота забяспечана Воляй Трубач.

На працягу шасці пакаленняў уладальнікамі Смаргоні быў род Радзівілаў. У адрозненне ад Зяновічаў, у іх не было тут рэзідэнцыі, таму яны часта здавалі свае ўладанні ў арэнду.

А знакаміты кароль Станіслаў Радзівіл (“Пане Каханку”), пры якім мядзведжы промысел у Смаргоні дасягнуў найбольшых вышынь,  ездзіў летам у санках у мядзведжай вупражы па дарозе, пасыпанай соллю.

Сустрэць мядзведзя на вуліцы – звычайная з’ява

Такая сітуацыя ў Смаргоні была тыповай ў 17 стагоддзі. Князі Радзівілы заснавалі ў горадзе школу дрэсіроў­кі мядзведзяў – Смаргонскую акадэмію. Звяроў у ёй вучылі танцаваць, стаяць на задніх лапах, сядзець за сталом і інш. “Студэнтаў” можна было сустрэць на кірмашах у Прусіі, Венгрыі, Баварыі.

У 17 стагоддзі сустрэць мядзведзя на вуліцах Смаргоні было звычайнай з’явай. Фота забяспечана воляй Трубач.

У 17 стагоддзі сустрэць мядзведзя на вуліцах Смаргоні было звычайнай з’явай. Фота забяспечана воляй Трубач.

На гербе горада таксама мядзведзь на чырвонай рашотцы. І колер яе нездарма чырвоны: рашоткі награвалі да чырвонага колеру і пад гук бубна мядзведзі пачыналі перастаўляць лапы – “танцаваць”. Таму, калі звер чуў гук бубна, ён аўтаматычна танцаваў.

Праіснавала мядзведжая “акадэмія” да 19 стагоддзя. Цяпер напамінам пра яе з’яўляецца скульптурная кампазіцыя ў гарадскім парку – мядзведзь, які стаіць на задніх лапах разам з музыкамі. Стваралі скульптуру больш за дзесяць гадоў, устанавілі ў 2014 годзе.

Але і сёння акадэміі не пераводзяцца ў Смаргоні: на змену мядзведжай прыйшла сабачая. У некалькіх кіламетрах ад Смаргоні знаходзіцца кіналагічны цэнтр. Пошук кантрабанды, наркотыкаў і зброі – гэта справа новых “акадэмікаў”.

Абаранкі прызначаліся выхаванцам мядзведжай “акадэміі”

Лічаць, што менавіта са Смаргоні ў 17 стагоддзі пайшоў заваёўваць свет абаранак.

Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што першапачаткова ласунак прызначаўся не столькі людзям, колькі выхаванцам мядзве­джай “акадэміі” ў якасці сухога корму. І толькі пасля – як ласунак на продаж. Напрыклад, яго можна было набыць на кірмашы ў гонар святога Казіміра ў Вільні (“на Казюка”).

Фота забяспечана воляй Трубач.

Фота забяспечана воляй Трубач.

Храм, у якім праводзілі набажэнствы розныя вернікі

У 1533 годзе ў Смаргоні па загадзе Юрыя Зяновіча пабудавалі каменны храм.

За свае 400 з лішнім гадоў будынак паспеў паслужыць і кальвіністам, і каталікам, і праваслаўным, і ваяўнічым атэістам. На сённяшні момант гэта касцёл імя архістратыга Міхаіла.

Асаблівасць храма – адсутнасць памяшкання, у якім знаходзіцца алтар (апсіды). Яго няма, паколькі першапачаткова храм належаў кальвіністам. Як вядома, пратэстанты выступаюць супраць пампезнасці ў набажэнствах.

Існуе легенда, што пад касцёлам ёсць падземны ход, які вядзе  да Крэва і Вільні.

А ў тым месцы, дзе цяпер знаходзяцца  былы кінатэатр “Космас” і пошта, раней стаяла драўляная царква. Яе неаднойчы перабудоўвалі, аднак ў 1960 годзе яна зачынілася. У канцы 1990 года ў горадзе з’явілася Спаса-Праабражэнская царква.

Гэта толькі невялічкая частка цікавостак пра горад. Таму ў вас ёсць магчымасць самастойна пашпацыраваць па Смаргоні, пагля­дзець на яе асаблівасці, даведацца пра шматлікія таямніцы. Для гэтага толькі трэба рушыць у дарогу.