Мінчане 22 сакавіка знаёміліся з творчасцю народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія” Вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання.
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбыўся літаратурна-музычны вечар “Нясіце вясну да людзей”. Прысвячаўся ён 110-гадавіне творчай дзейнасці Якуба Коласа і Году культуры. Гучала паэзія класіка ў выкананні рэжысёра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Алега Вінярскага, мастацкае чытанне Валянціны Цітовіч, песні “Элегіі”. У тым ліку, з новага дыска “Песні над Віліяй”.
У ім знайшлі адлюстраванне асноўныя праекты “Элегіі” за апошнія гады, якія здзяйсняюць разам з землякамі. У праекце “Святло Раства Хрыстова”, што ажыццяўляўся ў супрацоўніцтве з Вілейскай царкоўнай благачыннай акругай, сабраныя песні на духоўную тэматыку. Праект “Вайны дзве – памяць адна” “Элегія” ладзіць з мясцовым дабрачынным гісторыка-культурным фондам памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” ў Заброддзі (Барыс і Валянціна Цітовічы). У ім прадстаўленыя песні на словы князёў Уладзіміра Палея і Васіля Сумбатава. У агульны праект з Беларускім радыё “Незабыўныя імёны Вілейшчыны” ўвайшлі песні на словы мясцовых паэтаў Івана Лашуткі і Ганны Новік. У праекце “Вілейская хваля” гучаць аўтарскія песні.
Усяго ў дыск увайшлі 20 песень. Шмат сярод іх твораў на словы мясцовых аўтараў: на вершы ўзгаданых ужо Івана Лашуткі і Ганны Новік, сяброў саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Цануніна і Віктара Кажуры, а таксама Таццяны Цвятковай, Аксаны Жук, Клаўдзіі Дубовік, беларускіх паэтаў Людмілы Урублеўскай, Навума Гальпяровіча, Васіля Жуковіча, Аліны Легастаевай.
Новы дыск – штуршок для творчасці
Калектыў працуе ў накірунку літаратурна-аўтарская песня. У асноўным складзе “Элегіі” – аўтары-выканаўцы Таццяна Захарыч, Уладзімір Лапцік, Уладзімір Цанунін, Людміла Алеолава, Аксана Жук, Валяціна Цітовіч (мастацкае чытанне), а таксама мясцовыя паэты.
Удзельнікі “Элегіі” ўжо 20 год працуюць у аўтарскай песні. Гэты дыск для калектыву – новы штуршок для творчасці і своеасаблівае падвядзенне вынікаў дзейнасці.
– Самае галоўнае, што сёння мы павінны несці людзям святло слова: аўтарскую песню, паэзію. І таксама павінны папулярызаваць паэзію сваіх землякоў. Якраз выданне дыска гэтаму спрыяе, – кажа кіраўнік калектыву Таццяна Захарыч. – У нас на Вілейшчыне багатая літаратурна-музачная спадчына, якую ствараюць таленавітыя людзі.
Раней адбылася прэзентацыя дыска ў Вілейскім Палацы культуры.
– Мы вельмі ўдзячныя ўсім тым, хто дапамагаў нам, хто прыйшоў у залу, хто слухаў нашы вершы і песні. Спадзяюся, што ў нас будзе яшчэ не адзін канцэрт для нашых віляйчан, – дзеліцца Таццяна Захарыч. – Шчыра ўдзячны ўсім землякам, якія падтрымалі нашы праекты. Яны будуць працягвацца.
Яшчэ запланаваныя выданне дыска і прэзентацыя паэтычных зборнікаў Уладзіміра Цануніна, дыска, прысвечанага творчасці паэтэсы Ганны Новік і іншае.
Відэа ранейшых выступленняў “Элегіі” з сайта elegia.ts9.ru