Нагадаем, што 5 студзеня ў Вілейцы абласны суд вынеc смяротны прысуд 48-гадоваму віляйчаніну, які збіў да смерці сужытніцу.

Раней мужчыну прыгаворвалі да смяротнага пакарання за здзейсненыя ў 1989 годзе злачынствы. Але па яго скарзе Вярхоўны Суд прысуд адмяніў і смяротнае пакаранне замянілі на 15 год калоніі.

На разглядзе скаргі ў Вярхоўным Судзе прысутнічаў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

–  Віляйчанін трымаўся дастаткова ўпэўнена, не было адчування, што воля яго падаўлена – як гэта нярэдка бывае пры разглядзе падобных спраў, – кажа ён. – Адказваў разгорнута на ўсё пытанні. Увесь час указваў на нестыкоўкі ў справе: неналежны разгляд вынікаў судовай экспертызы, тое, што сведка не мог успомніць усіх абставінаў.

Віляйчанін прызнаваўся, што нанёс ахвяры пяць удараў (экспертыза паказала 46). Сцвярджаў, што не здзяйсняў забойства. Але адчувае віну за тое, што не ўратаваў сужытніцу, дадае Андрэй.

Пракурор настойвала на тым, што віна Якавіцкага ў забойстве цалкам даказаная, і ён уяўляе павышаную небяспеку для грамадства. Бо ні ўдзел у двух забойствах, ні тое, што смяротны прысуд ужо аднойчы замянілі на 15 гадоў пазбаўлення волі не паставілі яго на шлях выпраўлення. 

У выніку Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Беларусі адхіліла апеляцыйную скаргу і пакінула ў сіле смяротны прысуд віляйчаніну.

Што далей

Андрэй Палуда патлумачыў, што будуць звяртацца з просьбай аб памілаванні да Прэзідэнта Беларусі, а таксама ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Згодна з Правіламі працэдур Камітэта, дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН. Праўда, у выпадку з яшчэ адным віляйчанінам Паўлам Селюном, яго расстралялі да разгляду справы ў Камітэце па правах чалавека ААН.