Цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Маладзечне сёлета 1 красавіка споўнілася 20 гадоў.

– Нашы дзеці вельмі добрыя. Мне заўсёды шкада, калі яны ад нас сыходзяць. Калі бачыш, чаму яны навучыліся за столькі гадоў, якімі самастойнымі сталі, калі разумееш, колькі ўкладзена ў іх любові, цяпла, сіл, – кажа Ірына Нядвецкая.

Яна працуе ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Маладзечне 15 гадоў, 14 з іх – намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.

Дырэктар Анжаліка Шапяленка – 16 гадоў, з іх 14 – на гэтай паса­дзе.

Анжаліка Шапяленка,  дырэктар цэнтра  карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі  ў Маладзечне.

Анжаліка Шапяленка, дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Маладзечне.

Ірына Нядвецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Ірына Нядвецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

– Для бацькоў напачатку найбольш складана прыняць гэтых дзяцей, – кажа Анжаліка Міхайлаўна. – Гэта нармальна, бацькі хочуць, каб іх дзіця выздаравела. Яны не разумеюць, што да гэтага стану дзіцяці трэба проста прывыкнуць і любіць яго такім, якое яно ёсць. Многія ж чакаюць, пакуль прыдумаюць цуда-таблетку, якую даў – і дзіця здаровае. Працэс звыкання доў­гі і няпросты. Для многіх бацькоў стрэсавая сітуацыя, калі дзіцяці прызначаюць спе­цыяльную праграму навучання, бо яно не засвойвае праграму агульнаадукацыйнай школы. Аднак яго ўсё адно трэба вучыць, у жыццё адпраўляць, працаўладкоўваць. Бацькам хочацца, каб іх дзіця было паспяховым.

У цэнтры не дзеляць дзяцей на хворых і здаровых. Найперш яны звычайныя дзеці са сваімі радасцямі і няўдачамі.

– Мы ездзім на спаборніцтвы і заўсёды прывозім прызавыя месцы, – кажа дырэктар цэнтра. – Нашы дзеці робяць цудоўныя вырабы, спяваюць, танцуюць. Калі не правакаваць іх на агрэсію, адказваюць дабром, ніколі проста так не пакрыўдзяць. Яны імкнуцца рабіць усё акуратна і дасканала.

Даша на вясёлай хвілінцы фізкультуры.

Даша на вясёлай хвілінцы фізкультуры.

– Вы 16 гадоў ўключаныя ў жыццё дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Заўважаеце змены ў адносінах грамадства да іх?

– Сёння грамадства адкрытае, – кажа Анжаліка Міхайлаўна. – Можна ўбачыць людзей у калясках, заўважыць, як чалавек з сіндромам даўна шпацыруе з кімсьці па вуліцы. Раней грамадства хавала гэтых дзяцей. Іх баяліся паказваць, з імі саромеліся выйсці ў краму. Цяпер да гэтага адносяцца спакойна. Моладзь іншая, глядзіць на свет іншымі вачыма. Яна ставіцца да гэтага так: здарылася, значыць, здарылася. Не адварочваецца. Цяпер гэтыя дзеці больш прынятыя, асабліва добра іх прымаюць дзеці.

У цэнтр завітваюць вучні з розных школ горада, разам з дзецьмі цэнтра праводзяць мерапрыемствы.

– У іх у стасунках увогуле няма бар’ераў, – дадае Ірына Маруфаўна. – Гэтыя сустрэчы – маса станоўчых эмоцый. Мне падаецца, перашкоды, бар’еры ствараюць дарослыя. Кіраўніцтву іншых школ мы тлумачым, што калі дзіця з асаблівасцямі развіцця ідзе ў школу, ад класнага кіраўніка залежыць, як яно будзе прынятае. Калі класны кіраўнік здолее арганізаваць дзіцячы калектыў, праблем увогуле не будзе. Складанасці ў адаптацыі могуць узнікнуць з-за некамунікабельнасці вучня альбо праблем з навучаннем. Але дзеці прынятыя ў школах, ім там лепей. І калі ў іх не атрымліваецца вучыцца “на выдатна”, затое яны могуць цудоўна спраўляцца, напрыклад, са спартыўнымі заданнямі. Галоўнае – заў­важыць іскрынку, якая ёсць у кожнага чалавека.

Маша малюе рознакаляровы свет.

Маша малюе рознакаляровы свет.

У інтэграваных класах па ўсім Маладзечанскім раёне навучаецца 163 дзіцяці з асаблівасцямі развіцця.

Дзеці, якія наведваюць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, не атрымліваюць пасведчанне аб заканчэнні школы. У сувязі са сваімі захворваннямі яны не могуць быць інтэграваныя ў агульнаадукацыйныя ўстановы.

– Раней лічылася, што дзеці, якія ходзяць у наш цэнтр, не паддаюцца навучанню, – распавядае Ірына Маруфаўна. – Яны сядзелі дома, з бацькамі, са сваёй бядой у закрытай прасторы. Цяпер дзякуючы таму, што ў краіне стварылі такія цэнтры, у іх ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю.

– Гэтыя дзеці жывуць у грамадстве, – працягвае Анжаліка Міхайлаўна. – Нашы выпускнікі хо­дзяць у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сустракаеш іх у горадзе і радуешся таму, што яны самі хо­дзяць, самі камунікуюць з іншымі людзьмі, нас пазнаюць. Заўсёды з намі размаўляюць, гэта вельмі прыемна.

– Здаецца, маё імя па бацьку такое складанае, але яны яго памятаюць, – усміхаецца Ірына Маруфаўна.

Улад займаецца з настаўніцай-дэфекто-ла­­гам Вольгай Кулеш.

Улад займаецца з настаўніцай-дэфекто-ла­­гам Вольгай Кулеш.

– Чаму вы імкняцеся навучыць дзяцей?

– Максімальна сацыялізаваць іх у грамадстве. Навучыць элементарным гігіенічным правілам, камунікацыі. Кагосьці – на ўзроўні жэстаў ці з дапамогай карцінак, кагосьці – на ўзроўні простых сказаў. Але гэта ўжо дазваляе ім задавальняць свае патрэбы, нешта папрасіць, сказаць, калі раптам штосьці баліць. Гэта першыя крокі.

Далей вучым рабіць штосьці па гаспадарцы. Прыбіраць, даглядаць за раслінамі, жывёламі, каб дзеці маглі дапамагчы бацькам. Прыгатаваць салату ці зрабіць бутэрброд. Карыстацца бытавой тэхнікай: мікрахвалёўкай, фенам для сушкі валасоў, пыласосам. Тлумачым прызначэнне бытавой тэхнікі, якая ёсць у кожным доме. Вучым мыць дробныя рэчы.

Карацей, даглядаць сябе і жытло. Потым знаёмім з установамі горада, з іх прызначэннямі. Напрыклад, крамай ці аптэкай. Наша асноўная задача не ў тым, каб навучыць пісаць і чытаць, а ў тым, каб навучыць жыць у гэтым свеце максімальна незалежна ад каго б ні было, – тлумачыць дырэктар цэнтра.

У цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Маладзечне займаецца 129 дзяцей.

– Як паводзіць сябе з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця?

– Хочацца, каб людзі проста былі больш добрыя і міласэрныя адзін з адным. Людзі з інваліднасцю такія ж, як і ўсе іншыя. Часам іх проста трэба выслухаць, і калі ёсць магчымасць дапамагчы, то дапамагчы. Напрыклад, перавесці праз дарогу. Для гэтага не трэба мець спе­цыяльных ведаў, трэба проста быць больш уважлівымі да людзей, – тлумачыць Ірына Маруфаўна.

– Ці ёсць тэндэнцыя да павелічэння ці змян­шэння інваліднасці?

– За час, колькі існуе цэнтр, статыстыка прыкладна стабільная. Цяпер людзі больш адкрытыя. Калі нараджаецца дзіця з праблемай, бацькі адразу прыхо­дзяць. Гадоў 15-20 таму такіх дзяцей хавалі: трымалі ў бабуль, звозілі ў вёску. Цяпер – не, – упэўнівае Анжаліка Міхайлаўна.