Уласцівасці карбіну навукоўцы разлічылі яшчэ некалькі гадоў таму і высветлілі, што па трываласці ён пераўзыходзіць усе вядомыя людзям матэрыялы. Аднак вытворчасць яго была звязаная з сур’ёзнымі цяжкасцямі: карбін уяўляе сабой доўгі ланцужок атамаў вугляроду. Фактычна ён разбураецца адразу па меры вырабу.

Каб абысці гэтую праблему, фізікі з Венскага ўніверсітэта паклалі адзін пласт графену на іншы і скруцілі іх у свайго роду “тэрмас”. Ужо ўнутры гэтага ахоўнага пакрыцця навукоўцы сінтэзавалі карбін – ланцужок з 6400 атамаў (папярэдні рэкорд – 100 атамаў). Фізікі не толькі дамагліся стабільнай формы, але высветлілі, што электрычныя ўласцівасці карбіну залежаць ад працягласці ланцужка.

Аднак застаецца незразумелым, як атрымаць карбін з графенавага “тэрмаса”, не пашкодзіўшы яго. Пакуль даследчыкам застаецца працягваць вывучаць новы матэрыял, карыстаючыся адноснай стабільнасцю яго ланцужкоў.

Карбін з’яўляецца адной з найменш вывучаных алатропных мадыфікацый вугляроду. Упершыню пра магчымасць яго існавання стала вядома з прац савецкіх хімікаў Коршака, Сладкова, Касатачкіна і Кудраўцава.

Даследаванне з апісаннем метаду атрымання рэчыва было апублікаванае ў 1967 годзе ў часопісе “Даклады акадэміі навук СССР” і атрымала шырокую вядомасць на радзіме. У 1982 годзе ў Science вынікі савецкіх хімікаў былі пастаўленыя пад сумнеў: аказалася, што сігнал, які прыпісваецца карбіну, мог быць атрыманы з-за прымешак сілікатаў. У далейшым сігналы, якія адпавядаюць карбіну, былі выяўленыя ў міжзоркавай прасторы і ў некаторых зямных вугляродных матэрыялах.

Існаванне доўгіх малекул карбіну да гэтага часу з’яўляецца спрэчным, аднак кароткія ланцугі (-C≡C-) n (іх называюць поліінамі) добра вядомыя. У 2010 годзе з выкарыстаннем спецыяльных ахоўных груп было сінтэзаванае злучэнне з 44 атамамі вугляроду ў такім ланцугу.

“Наша Ніва” паводле .