Выпадак адбыўся ў Валожыне сёлета на пачатку лютага. Распавяла пра яго следчая Валожынскага РАСК Дар’я Мікуліч.

32-гадовы валожынец прыйшоў да знаёмага пазычыць алкаголь. Атрымаўшы адмову, мужчына не прыдумаў нічога лепшага, як скрасці ў яго курткі. Ён ведаў, што гаспадар захоўвае іх у сябе ў падвале.

Забраўшы рэчы, мужчына вырашыў далёка не хадзіць у пошуках пакупніка. Ён зноў звярнуўся да свайго знаёмага і прапанаваў яму купіць курткі за алкаголь. Той асабліва не разглядаў, што набывае, пагадзіўся і даў спіртное.

На наступны дзень ён заўважыў, што з падвала зніклі рэчы. Тады ён агледзеўся і зразумеў, што купіў уласныя курткі.

Пацярпеламу 72 гады.

Абвінавачаны раней прыцягваўся да адказнасці за нявыплату аліментаў.

Крымінальная справа накіраваная ў суд.

Праводзіцца праверка ў адносінах да пацярпелага па факце продажу алкаголю.