Ахова птушак Бацькаўшчыны разам з мясцовымі ўладамі прасілі жыхароў удзельнічаць у выбары птушкі.

За зімародка прагаласавала 36%. На другім месцы з 32% стаіць пугач. Для сваіх чытачоў мы таксама запусцілі галасаванне, каб убачыць, ці супадзе пажаданне нашых чытачоў з вынікам. Чытачы “РГ” аддалі перавагу пугачу, а зімародка паставілі на другую пазіцыю.

Аднак зімародак перамог у гонцы на сайце АПБ. Гэта першая птушка-сімвал раёна, якую абралі праз галасаванне жыхароў.

Саміх крылатых кандыдатаў выбіралі яшчэ ў лютым, падчас круглага стала, які прайшоў для работнікаў райвыканкама і Мінпрыроды, мясцовых настаўнікаў, гаспадароў аграсядзібаў і іншых прадстаўнікоў грамадскасці, удакладняе АПБ.

Супрацоўнікі АПБ прадставілі птушак, дзякуючы якім Налібоцкая пушча атрымала статус тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП). Таксама ў спіс кандыдатаў трапіў глушэц, які быў прадстаўлены па ініцыятыве дырэктара Налібоцкага заказніка Васіля Гуркова. Бо менавіта ў Налібоцкім заказніку глушца збіраюцца разводзіць у спецыяльным гадавальніку.

Падчас правядзення галасавання на базе Валожынскай раённай дзіцячай бібліятэкі былі арганізаваны мерапрыемствы з настаўнікамі раёна і мясцовымі школьнікамі. Падчас гэтых сустрэч арнітолаг АПБ Сямён Левы падрабязна азнаёміў удзельнікаў з кандыдатамі: паказаў прэзентацыю і распавёў цікавыя факты пра кожнага з відаў. Таксама ў цэнтры Валожына былі размешчаныя плакаты аб правядзенні галасавання.

Пасля зацвярджэння птушкі-сімвала раёна пачнецца самае цікавае: падрыхтоўка эскізаў скульптуры і графіці з зімародка, якія размесцяць у Валожыне.

Такія арт-аб’екты з’явяцца ў горадзе ўпершыню. Малюнак зробіць мастацкая студыя ТАКТАК, ужо добра вядомая мінчукам сваімі “птушынымі праектамі”, а вось аўтар скульптуры пакуль яшчэ невядомы, але будзе абраны ў бліжэйшы час.

Дарэчы, гэта не першая скульптура птушкі, якая з’явіцца ў Беларусі: бронзавы кулік-марадунка ўжо ёсць у Тураве, а ў Баранавічах размясціўся дамавы верабей.

У бліжэйшы час будзе прынята афіцыйнае рашэнне мясцовых уладаў, як гэта было ў Мёрах і Слуцку, каб надаць птушцы-сімвалу афіцыйны статус.

Фото A.Trepte.

Фото A.Trepte.

– Віншую жыхароў Валожынскага раёна з выбарам зімародка! Гэта прыкметны від, мабыць, адна з самых яркіх птушак Беларусі. Убачыць зімародка ў нас можна практычна круглы год: заўважны і знешне, і па голасе. Калі загадзя паслухаць запіс – пачуць птушку можа не толькі арнітолаг. Шукаць зімародка трэба ўздоўж рэк: птушка сядзіць на галінках над вадой і шукае здабычу, – распавядае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. – Мы спадзяемся, што гэты выбар дапаможа захаваць зімародка Налібоцкай пушчы, на рэках якой адзначана каля 40 пар гэтай птушкі. Гэтая тэрыторыя мае нацыянальнае значэнне для захавання зімародка. Нагадаю, што від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Мясцовыя жыхары падкрэсліваюць важнасць гэтага праекту і ўсяляк падтрымліваюць яго развіццё.

– Дадзеная ініцыятыва прымушае задумацца пра навакольнае асяроддзе. Прынамсі, птушка, што будзе абраная сімвалам раёна, не знікне з гэтых мясцінаў яшчэ доўга. А ўсе запланаваныя мерапрыемствы я лічу вельмі важнымі, бо гэта як зярняткі, што ў хуткім гадзіне вырастуць у вялікую справу – дзеліцца жыхар Валожынскага раёна Аляксей Піскун.

У траўні і чэрвені арганізатары правядуць серыю майстар-класаў для мясцовых рамеснікаў, якіх навучаць рабіць сувеніры з зімародка з гліны і лямца.

А гаспадароў аграсядзіб навучаць арганізаваць цікавыя і пазнавальныя прыродныя экскурсіі. Калі вы зацікаўлены ва ўдзеле ў майстар-класах і з’яўляецеся жыхаром Валожынскага раёна – звяжыцеся з мэнэджарам ініцыятывы для атрымання дадатковай інфармацыі.

АПБ хоча, каб ва ўсіх раёнаў Беларусі з’явіліся свае афіцыйныя птушкі-сімвалы, у краіне зарэгістравана больш за 325 відаў птушак.

Кантактная асоба – Карына Салавей, менеджэр ініцыятывы “Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму”, +375 29 2648766.

Ініцыятыва “Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму” ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы ЕС / ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.