Мужчынскі хор “Усіхсвяцкі” пры храме Усіх Святых у Мінску ўжо вядомы ў Вілейцы. Летась выступаў тут з канцэртам, яго ўдзельнікі неаднойчы наведвалі памятныя мясціны Першай сусветнай падчас традыцыйнага аўтапрабегу.

Сувязь хору з Вілейшчынай невыпадковая: яго рэгентам і мастацкім кіраўніком з’яўляецца ўраджэнец Вілейкі Дзмітры Такмакоў.

Ён прыгадвае леташні канцэрт у Вілейцы з прыемнасцю:

–  Ад гледачоў такая аддача адчувалася, што падобную рэдка дзе сустрэнеш. Гэта вельмі каштоўна для любога артыста. Тое, як людзі прымалі, дадавала ўпэўненасці, драйву, настрою і хацелася ўсё больш і больш аддаваць гледачам.

За прайшоўшы год  хор вырас у прафесійным плане, запісаў дыск. Хор заняў першае месца на міжнародным фестывалі “Каложскі благавест” у Гродне, выступаў на ўрачыстай цырымоніі “Малітва за Беларусь” з удзелам Аляксандра Лукашэнкi, на адкрыцці выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі, прысвечанай да 80-годдзя Уладыкі Філарэта.

Растуць прафесійна як салісты і ўдзельнікі хору. Графік у іх напружаны: два разы на тыдзень рэпетыцыі, а таксама богаслужэнні, выступленні. А ў кожнага яшчэ ж і свая праца.

Фота забяспечана Дзмітрыем Такмаковым

Фота забяспечана Дзмітрыем Такмаковым

Пашыраюць рэпертуар хору: да духоўных спеваў дадаюць свецкія. Вялікую працу вядуць над ваеннымі песнямі. Асаблівую ўвагу звяртаюць на беларускую песню: усё, што звязана з творчасцю  беларускіх кампазітараў і дзеячаў мастацтваў. Так, падрыхтавалі блок песень легендарнага ансамблю “Песняры”, прысвечаны памяці Уладзіміра Мулявіна.

– Над імі давялося шмат папрацаваць, каб захаваць усю палітру гучання менавіта ў мужчынскім харавым выкананні, – кажа Дзмітры.

Так што, для майскага канцэрту ў Вілейцы падрыхтавалі новую праграму. Пройдзе ён на Светлай Сядміцы, таму ў праграме будуць велікодныя спевы. Пачуюць віляйчане народныя, казацкія, ваенныя песні і творы “Песняроў”.