А 16 гадзіне 21 красавіка ў выставачнай зале імя Сілівановіча адбудзецца адкрыццё выставы Ганны Сілівончык “Гэты чароўны свет”.

Ганна Сілівончык нарадзілася ў Гомеле, зараз жыве і працуе ў Мінску. Скончыла Беларускую Дзяржаўную Акадэмію Мастацтваў. Ад 2008 года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Яе творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і музеі сучаснага мастацтва горада Мінска, у фондах Гомельскага палаца-паркавага ансамбля Рэспублікі Беларусь, у музеі сучаснага рускага мастацтва Злучаных Штатаў Амерыкі, Елабужскім дзяржаўным музеі-запаведніку Расійскай Федэрацыі, а таксама ва ўласных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Італіі, Германіі, Польшчы і іншых краінах.

Ганна Сілівончык працуе ў незвычайным самабытным аўтарскім стылі. Яна стварае свой асобны свет, сваю ўласную сістэму вобразаў, сваю прастору сакральнага. Мноства разнастайных персанажаў – дзеці, закаханыя, людзі-жывёлы, людзі-анёлы, ільвы і міфічныя істоты-аднарогі, сірэны, драконы – усе яны насяляюць сваеасаблівы чароўны свет твораў Ганны Сілівончык.

Гэта свет казак розных народаў свету. Гэта ажыўшыя дзіцячыя фантазіі і сны. Гэта разважанні аб простых і вечных чалавечых пачуццях – любоў, шчасце, радасць, нараджэнне новага жыцця. Гэта роздумы аб цяжкасцях чалавечых узаемаадносін, дома, сям’і, пошуках сэнсу чалавечага існавання. І самае галоўнае – гэта каштоўнасць свету і непарушальная глыбокая сувязь усіх яго элементаў.