Дзякуючы намаганням маладзечанца Вячаслава Курбакі, якога чытачы “РГ” ведаюць як Пан Шыманскі, мы атрымалі магчымасць згуляць у віртуальны хакей па-беларуску.
Як растлумачыў аўтар, ідэя стварыць беларускамоўны патч, ці абнаўленне да НХЛ 09 з’явілася даўно. Справа ў тым, што карпарацыя EASPORTS, што займаецца распрацоўкай віртуальнага дадатку НХЛ ад 2009 года, адмовілася ад выпуску яго на платформе персанальных камп’ютараў і ўсе выпушчаныя версіі НХЛ, пачынаючы з НХЛ 10 да НХЛ 16, можна выкарыстаць толькі на гульнявых кансолях PS і X-BOX.
Такім чынам, большасць аматараў дадзенага сімулятара апынулася адарванай ад навінак сусветнага хакейнага кібер-асяроддзя. Але гэта дало вялікі штуршок для мадыфікатараў, якія з новымі сіламі ўзяліся за працэс стварэння графічных і рознага роду іншых абнаўленняў і дадаткаў да сімулятара НХЛ 09. За гэты час створаныя чэшскія, славацкія, нямецкія, швейцарскія, фінскія і іншыя мадыфікатары да дадзенага сімулятара, а расійскі патч РХЛ-mod увогуле можна лічыць класікай жанру і самым графічна дасканалым дадаткам да НХЛ 09.
Стала крыху крыўдна, што краіна, у якой хакею надзяляецца столькі ўвагі і падтрымкі, застаецца без версіі сімулятара на роднай мове. Для стварэння першага беларускамоўнага патча “НХЛ 15 (MaHaBLRpatch)” Вячаславу Курбаку спатрэбілася вывучыць некалькі камп’ютарных праграм, прааналізаваць шмат рознага роду матэрыялу, перакласці каля дзевяці тысяч рускамоўных сказаў і праз некалькі месяцаў працы патч быў гатовы.
Фота забяспечанае Вячаславам Курбакам.
Чым жа адметны гэты патч акрамя беларускамоўнага інтэрфэйса? У дадзенай зборцы вас чакаюць: Беларуская экстраліга, Чэмпіянат свету па хакеі, які ўключае ўсе 50 зборных з рэйтынгу IIHF, турнір хакейнай Лігі чэмпіёнаў і магчымасць стварыць сваю каманду з любога горада краіны ад Пінска да Радашкавічаў. Парадуе аматараў беларускай альтэрнатыўнай музыкі і саўнтрэк да гульні, які налічвае 13 песень ад беларускіх гуртоў розных накірункаў.
Беларускія кібер-энтузіясты распрацоўваюць праект “БХЛ 16”, што будзе ўключаць самыя апошнія абнаўленні, што закранулі беларускі хакей. Таму ўжо цяпер можна казаць, што не за гарамі выхад і другой часткі першага беларускамоўнага патча MaHaBLRpatch 2.0.
Спампаваць жа першы беларускамоўны патч НХЛ 15 (MaHaBLRpatch) можна ў суполцы Вконтакте “Малады Хакей”, а таксама і азнаёміцца з правіламі па ўсталёўцы дадзенага дадатку да сусветнавядомай гульні.