Праверка паказала, што ўстанова займаецца выпрабаваннямі сартоў у “дапатопных” умовах.

Склады патрабуюць абавязковай рэканструкцыі і пераабсталявання. Трэба набыць малагабарытную пасяўную і глебаапрацоўчую тэхніку, сучасныя машыны для падрыхтоўкі партый насення, каб выканаць патрабаванні пасяўных стандартаў.

Асноўныя машыны, механізмы і складскія памяшканні цалкам зношаныя. Сярод іх машыны для ачысткі насення, пратручальнік нясення, бункеры актыўнага вентылявання, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, памяшканні для захоўвання ўраджаю і зернесушылка.

Да пытання тэхнічнага пераабсталявання паставіліся фармальна. Распрацавалі план мадэрнізацыі, які штогод не выконвалі.

Усе недахопы ўплываюць на якасць насення і аб’ём яго вытворчасці. Гэта пацвярджае штогадовае невыкананне задання па вытворчасці насення і яго неналежная якасць. Таму іх аддаюць на кармавыя ці вытворчыя мэты.

Напрыклад, з агульнага ўраджаю 2014 года на гэтыя мэты скарысталі каля паловы супер-эліты гароху “Лазурны”, эліты азімай пшаніцы “Багатка”, супер-эліты азімага рапсу “Прагрэс”.

Гарох. Фота sorta-rasteniy.ru.

Гарох. Фота sorta-rasteniy.ru.

Як патлумачылі службовыя асобы, з-за незапатрабаванасці 25 тон  нават кандыцыйнага матэрыялу ўраджаяў 2013 і 2014 аддалі на корм жывёле. Сярод іх дзве тоны – супер-эліты гароху “Лазурны”.

Арыгінальнае і элітнае насенне сельскагаспадарчых раслін – самае якаснае і высокапрадуктыўнае. Яно садзейнічае павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці і высокай акупляльнасці затрат.

Куды ішла дзяржпадтрымка

Каб зацікавіць сельскагаспадарчыя арганізацыі ў абнаўленні сартоў, дзяржава садзейнічае таму, каб насенне было больш танным. Гэтым стымулюе куплю айчыннага насення.

Але праверка паказала, што гэта дзяржаўная падтрымка не дайшла да канчатковага спажыўца – сельгаспрадпрыемстваў. Больш за 88 мільёнаў рублёў, атрыманыя за 2011 – 2015 гады, Маладзечанская сортавыпрабавальная станцыя скарыстала на свае патрэбы. І толькі пасля ўмяшальніцтва Камітэта суму вярнулі сельгаспрадпрыемствам.

“Па-ціхаму” здабылі тысячу тон гравійкі

Падчас праверкі знайшлі і іншыя парушэнні. Каб правесці рамонтныя работы, установа атрымала месца для распрацоўкі ўнутрыгаспадарчага кар’ера. Але кіраўніцтва вырашыла “па-ціхаму” і бясплатна здабываць пясчана-гравійную сумесь у кар’еры суседняга сельгаспрадпрыемства “Маркава-Агра”. Так станцыя несанкцыянавана здабыла больш за тысячу тон. Калі б арганізацыя набывала гэтую сумесь, то выдаткавала б 100 мільёнаў рублёў.

Па выніках праверкі ўстанову аштрафавалі на 50, 4 мільёна рублёў, а пяць службовых асоб – на агульную суму 8,2 мільёна.