У гэтай “бібліятэцы” замест кніг – людзі, а замест чытання – размова.

Выглядае так: арганізатары шукаюць і запрашаюць на ролю “кніг” людзей, якія чымсьці вылучаюцца. Сярод іх могуць апынуцца аўтаспыншчык, веган, чалавек, які адсядзеў у турме, ці той, хто спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Хтосьці, каму давялося пацярпець ад хатняга гвалту, ВІЧ-пазітыўны, маладая маці з хворым дзіцем, феміністка, інвалід, філосаф. Хто заўгодна. Але гэта людзі, да якіх у грамадстве неадназначнае стаўленне ці на якіх вісіць процьма стэрэатыпаў.

Ідэя ў тым, што “кнігі” шчыра расказваюць сваю гісторыю тым, каму яна цікавая. Вы можаце прыйсці на сустрэчу і задаць гэтым людзям тое пытанне, на якое вам даўно хацелася атрымаць адказ. У “Жывой бібліятэцы” ўдзельнічаюць людзі, гатовыя да размоў і пытанняў.

Навошта гэта? Каб разбіць стэрэатыпы, каб лепш разумець адзін аднаго, каб пачуць іншых і адказаць на пытанні самому сабе.

Вы прыходзіце на сустрэчу, запаўняеце картку чытача, пазначаеце, з якой “кнігай” хацелі б пагаварыць і – наперад. Адно правіла: спікер мае права не адказваць на ваша пытанне, калі яно ставіць яго ў няёмкае становішча.

У Маладзечне першая “Жывая бібліятэка” пачнецца ў 18:00 у “Рэд бары” ў нядзелю, 24 красавіка. Уваход вольны!

У першай сустрэчы ў Маладзечне плануецца, што ўдзел возьмуць шэсць спікераў. Сярод іх невідушчы выкладчык, аўтаспыншчыца, жанчына-байкер. Іншыя ўдзельнікі стануць вядомыя пазней.

Ініцыятарка правядзення “Жывой бібліятэкі” ў Маладзечне Юля Мароз. Фота Настассі Роўды.

Ініцыятарка правядзення “Жывой бібліятэкі” ў Маладзечне Юля Мароз. Фота Настассі Роўды.

Юля Мароз, якая ініцыявала правядзенне “Жывой бібліятэкі” ў Маладзечне, дазналася пра яе ў інтэрнэце.

– Я даведалася, што яна ідзе ў Мінску. Мне заўсёды цікавыя сацыяльныя праекты, я люблю знаёміцца, размаўляць з цікавымі людзьмі. І я паехала ў сталіцу паўдзельнічаць у “бібліятэцы” ў якасці валанцёра. Потым, паглядзеўшы, што гэта такое, прапанавала сябе ў якасці “кнігі”. Расказвала пра тое, як валанцёрыла ў параалімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе. Потым вырашыла, навошта хадзіць далёка? Трэба рабіць у Маладзечне, – распавядае Юля.

У Мінску “Жывую бібліятэку” праводзяць ад восені 2014 года прыкладна раз на месяц-паўтара. Летась каманда арганізатараў аб’ездзіла з такімі сустрэчамі ўсе абласныя гарады Беларусі.

– Мне вельмі хочацца, каб праект зацікавіў маладзечанцаў, каб яны прыйшлі на сустрэчу. Я думаю, такі незвычайны досвед пакіне добрыя ўражанні, цёплыя эмоцыі. Людзі стануць больш увагі звяртаць адзін на аднаго, пачнуць паважаць меркаванні іншых. Гэта пробная сустрэча. Мы не ведаем, які атрымаем водгук. Калі ініцыятыва спадабаецца людзям, мы працягнем ладзіць падобныя сустрэчы ў Маладзечне.

Праект нарадзіўся ў Даніі ў 2000 годзе. “Жывую бібліятэку” ўпершыню правялі падчас музычнага фестывалю Roskilde. З таго часу ініцыятары стварылі адмысловую арганізацыю і паспрыялі таму, што да гэтай ініцыятывы далучылася прыкладна 70 краін свету.